Чарговыя тры прэтэндэнты сабралі па 100 тыс. подпісаў


Патрэбную для вылучэння кандыдатам колькасць подпісаў мае нават прадпрымальнік Дзмітрый Вус.

Ініцыятыўныя групы Алеся Міхалевіча, Міколы Статкевіча і Дзмітрыя Вуса перакрочылі 100-тысячны бар’ер, аднак спыняць збор подпісаў не плануюць.

Лідар саюзу “За мадэрнізацыю” Алесь Міхалевіч адзначае: “100 тыс. – гэта хісткая лічба. Мы працягнем збор подпісаў да 110 тыс. Лепш мець запас”.

Мінімум 115 тыс. – такую задачу ставіць для ініцыятыўнай групы лідар аргкамітэту па стварэнні БСДП “Народная Грамада” Мікола Статкевіч: “Мы сабралі 100 700 подпісаў. Але гэта не ўсе звесткі. Некаторыя рэгіёны пакуль не даслалі справаздачаў. Спыняць збор не будзем, пакуль не падстрахуемся да 115 тыс.”

Папярэднія падлікі Дзмітрыя Вуса сведчаць пра тое, што як мінімум 100 тыс. подпісаў у яго ёсць: “Мы маем прыкладна 40 тыс. па Менску і 60 тыс. – па рэгіёнах”, – паведаміў прэтэндэнт на прэзідэнцтва.

Дарэчы, да 100-тысячнай мяжы падыходзіць прадстаўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. На сёння каманда мае 98 тыс. подпісаў.

У патэнцыйнага кандыдата ад БХД Віталя Рымашэўскага – прыкладна 90 тыс. Да чацвярга ён мае намер павялічыць гэтую лічбу да 105 тыс.

belsat.eu

Стужка навінаў