Мікіта Ліхавід зноўку ў карцары


Чарговыя пяць штрафных дзён палітвязень атрымаў, не выходзячы са штрафнога ізалятару.

“Падчас ператрусу ў камеры за дзвярыма знайшлі прыхаваныя цыгарэты. Мікіта як дзяжурны мусіў паведаміць адміністрацыі, што ў камеры ёсць забароненыя рэчы. Ён гэтага не зрабіў – за тое і атрымаў яшчэ пяць дзён”, – распавяла “Белсату” Алена Ліхавід. Яна гаворыць, што агулам ейны сын правядзе ў карцары ўжо 35 дзён.

Алена Ліхавід разам з адвакаткаю Дар’яй Ліпкінай 14 чэрвеня наведала калонію, дзе адбывае пакаранне Мікіта. Адміністрацыя калоніі перадала ім ксеракопіі ўсіх пастановаў аб змяшчэнні Мікіты Ліхавіда ў штрафны ізалятар. З іх вынікае, што Ліхавід віны сваёй не прызнае, лічыць сябе незаконна асуджаным і адмаўляецца выконваць усе патрабаванні адміністрацыі спецустановы.

“Ён не робіць ранішняй зарадкі, адмаўляецца выконваць працы дзеля ўпарадкавання тэрыторыі калоніі. У карцары ён не прыбірае на дзень нары, як таго патрабуе распарадак. Таксама сын адмаўляецца даваць пісьмовыя тлумачэнні сваім паводзінам, на чым настойвае адміністрацыя, не падпісвае там ніякіх афіцыйных папераў”, – гаворыць спадарыня Ліхавід.

Мікіта Ліхавід адмовіўся нават ставіць подпіс пад стандартнаю папераю, што даюць усім прыбылым у спецустанову: там напісана, што асуджаны абавязваецца стаць на шлях выпраўлення і будзе супрацоўнічаць з адміністрацыяй. Як апавяла Алена Ліхавід, на подпісе пад гэтымі забавязаннямі адміністрацыя нават ужо і не настойвае.

“Асуджаны Мікіта Ліхавід вусна патлумачыў, што законных патрабаванняў выконваць не збіраецца з асабістых меркаванняў”, – пазначана ў шматлікіх пратаколах.

Алена Ліхавід вельмі хвалюецца, што супрацьстаянне ейнага сына можа кепска скончыцца. Згодна з арт. 411 Крымінальнага кодэксу, за неаднаразовыя парушэнні рэжыму асуджаны можа атрымаць да 2 гадоў пазбаўлення волі дадаткова. “Ён усё гэта ведае, але адступаць не збіраецца. Толькі гаворыць, што калі гэтак здарыцца, значыць, хай так і будзе”, – кажа маці вязня.

Адвакатцы Дар’і Ліпкінай дазволілі сустрэцца з падабаронным у карцары. На ейнае пытанне, чаго імкнецца дамагчыся Мікіта і з чым змагаецца, ён адказаў: “Я змагаюся з рэжымам”.

Алена Ліхавід гаворыць, што ў суботу, 18 чэрвеня, ейны сын мае выйсці з карцару.

Актывіст руху “За свабоду” Мікіта Ліхавід за ўдзел у Плошчы быў асуджаны на тры з паловаю гады зняволення. Пакаранне ён адбывае ў папраўчай калоніі № 10 у Наваполацку. Падтрымаць вязня можна, адправіўшы яму ліст на адрас: Папраўчая калонія № 10, 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8. Атрад № 6.

belsat.eu

Стужка навінаў