Пра свет – па-новаму


Праграма «ПраСвет» на «Белсаце» пачала чарговы сезон у абноўленым выглядзе. Гэта і павялічаны хронаметраж, і новае афармленне, і новы вядоўца.

Гэты штотыднёвы (эфір – вечарам у нядзелю) міжнародны тэлечасопіс з назваю, што кажа сама за сябе, распавядае пра тое, чым жыве планета і як яна змяняецца. Але не толькі. Не менш важна, якім чынам гэтыя змены ўплываюць на нас, беларусаў, кажуць яго стваральнікі. Таму ў планах каманды «ПраСвету» – шэраг інтэрактыўных праектаў.

«ПраСвет» – гэта расповед як пра цікавінкі (так званыя лёгкія сюжэты), так і пра сур’ёзныя падзеі за мяжою, а таксама іх аналіз з дапамогаю вядомых палітыкаў і экспертаў – як беларускіх, так і замежных.

Стваральнікі «ПраСвету» супрацоўнічаюць з шэрагам замежных каналаў, якія даюць матэрыялы са сваіх краінаў. Калі гаворка ідзе, напрыклад, пра Аўстралію, Японію ці Афрыку, то тут дапамагаюць інфармацыйныя агенцтвы «Reuters», «Associated Press» ды інш.

Ёсць намер працягнуць практыку, запачаткаваную ў праграме «Акно ў Еўропу» на «Белсаце», калі падчас важных падзеяў канал сам ладзіў вяшчанне проста з месца, дзе яны адбываліся. Так было падчас Кліматычнага саміту ААН у Капенгагене і Дня Еўропы ў Бруселі.

Дазволіць сабе карэспандэнта за мяжою могуць толькі вельмі багатыя тэлеканалы. Тым не менш, у Бруселі з «Белсатам» працуе Алесь Сіліч, які, апрача цікавых рэпартажаў з «сэрца Еўразвязу», вядзе гутаркі з вядомымі ў Еўропе асобамі са сферы палітыкі, навукі і культуры. Апошняя размова, дарэчы, была са Штэфанам Фюле, еўракамісарам у пытаннях пашырэння і Еўрапейскай палітыкі добрасуседства, і датычыла яна прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

«Інфармацыю, як і інтэрв’ю, мы падаем «без купюраў», – кажа новы вядоўца праграмы Дзмітры Гурневіч, які ўжо вёў на «Белсаце» шэраг праграмаў пра міжнароднае жыццё, у прыватнасці «Акно ў Еўропу».

Знаходзячыся ў цэнтры Еўропы з дастаткова шырокім доступам да інтэрнэту, беларусы, на жаль, усё яшчэ мала арыентуюцца ў падзеях у свеце, кажа Дзмітры: «Не толькі звычайныя людзі, але і вядомыя дзеячы культуры і палітыкі вельмі часта не могуць сказаць, чым адрозніваецца Рада Еўропы ад Еўрапейскага Звязу, не падазраюць, што некаторыя афрыканскія краіны могуць пахваліцца еўрапейскім стандартам жыцця, і перакананыя, што кожнаю мусульманскаю краінаю кіруюць рэлігійныя фанатыкі. Для справядлівасці зазначу, што ў свеце ёсць дастаткова развітыя краіны, дзе людзі нават не падазраюць пра існаванне нашай Беларусі. Але ці мусіць гэта адбіваць у нас жаданне быць цікаўнымі да свету?»

«Глабалізацыя нас не абміне. І каб ісці нага ў нагу з іншымі краінамі, мы павінны ведаць не толькі тое, што адбываецца на палях Магілёўшчыны, у аграгарадках Івацэвіцкага раёну ці нават у Адміністрацыі прэзідэнта, – кажа вядоўца праграмы «ПраСвет». – Мы павінны таксама арыентавацца, якая сіла перамагла на парламенцкіх выбарах у Швецыі, ці будзе будавацца газаправод у абыход нашай краіны, ведаць, што такое Сусветная гандлёвая арганізацыя, у якой нас няма, і што такое Рух недалучэння, дзе мы ёсць. Усё гэта трэба не толькі для таго, каб падчас размовы з замежнікамі не выглядаць невукамі, але і для таго, каб быць здольным рацыянальна прымаць рашэнні ў сябе дома. Ну і мы павінны ўрэшце ведаць, што ў свеце думаюць пра нас».

Аўтары праграмы даводзяць, што з сотняў паведамленняў штодня трэба выбраць тое, што можа быць не толькі цікавым для гледача, але і карысным.

«Мы імкнемся залезці ў скуру нашага гледача, уяўляем, якая інфармацыя прымусіць яго да канца паглядзець сюжэт і цэлае выданне. Перш за ўсё пра нашых суседяў: Літва, Латвія, Польшча, Украіна і Расея. Але мы не абмяжоўваемся нашым рэгіёнам, – распавядае Дзмітры Гурневіч пра крытэры адбору падзеяў. Звычайна мы імкнемся паведаміць пра самае важнае з розных кантынентаў. Апрача традыцыйных сюжэтаў, у нас ёсць кароткі агляд найбольш абмяркоўваных падзеяў у свеце».

«Разынкаю» праграмы неўзабаве могуць стаць інтэрактыўныя міні-праекты. «Апрача падачы інфармацыі, мы пачнем самі ініцыяваць розныя грамадскія акцыі, якія дазволяць нашым гледачам не толькі даведвацца пра свет, але і выкарыстоўваць паспяхова рэалізаваныя замежныя ідэі на беларускай глебе. Будзем таксама падтрымліваць інфармацыйна цікавыя ініцыятывы ў самой Беларусі. І наогул далучыцца да стварэння «ПраСвету» можа таксама кожны наш глядач. Гэта можна зрабіць праз сайт «Белсату». Заахвочваем падказваць нам тэмы, якія вас хвалююць, пытацца, не пагаджацца, спрачацца. Ідэі і заўвагі нашых гледачоў мы не пакінем без увагі», – анансуе Гурневіч.

Глядзіце «ПраСвету» штонядзелю перад «Тыднем у Аб’ектыве» каля 20.00

Папярэднія выданні можна глядзець на сайце

Стужка навінаў