Беларусь атрымае $ 1 млрд ад Кітаю


Расплачвацца краіна будзе цэлюлозаю.

Беларусь і “Эксімбанк” Кітаю падпісалі крэдытныя пагадненні больш як на $ 1 млрд для фінансавання сумесных праектаў. Як паведамляе прэс-служба Савету Міністраў Беларусі, гэта адбылося 14 чэрвеня ў Менску.

Намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік растлумачыў, што першае пагадненне датычыць пакупніцкага крэдыту ў праекце пабудовы “пад ключ” заводу для вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы на базе ААТ “Светлагорскі ЦКК”. Праект будзе зрэалізаваны супольна з кітайскаю карпарацыяй САМСЕ. Паводле словаў Тозіка, агульны кошт праекту складае $ 700 млн, кітайскі крэдыт — $ 654 млн.

Магутнасць заводу – 400 000 тонаў прадукцыі на год, патрэбы Беларусі складаюць прыкладна палову ад гэтага аб’ёму. Рэшту плануюць экспартаваць. Пры гэтым віцэ-прэм’ер адзначыў: “Мы разглядаем пытанне пагашэння крэдыту шляхам экспарту гэтай залішняй цэлюлозы”.

Акрамя таго, падпісанае крэдытнае пагадненне пра фінансаванне праекту рэканструкцыі аўтадарогі Жлобін – Гомель на суму $ 340 млн. Трэцяе крэдытнае пагадненне тычыцца фінансавання праекту электрыфікацыі ўчастку Беларускай чыгункі Жлобін – Асіповічы, сума крэдыту – $ 64 млн.

Анатоль Тозік таксама паведаміў, што “Эксімбанк” Кітаю і “Індустрыяльна-камерцыйны банк” Кітаю зацікаўленыя ў стварэнні кітайска-беларускага індустрыяльнага парку. Паводле яго, прадугледжваюцца “шматмільярдныя капіталаўкладанні ў гэты праект і ўдзел у ім вядомых кампаніяў”. Умовы крэдытавання “Эксімбанкам” Тозік назваў вельмі выгаднымі.

Як адзначаюць у прэс-службе, Беларусь і “Эксімбанк” Кітаю рэалізоўваюць праекты агульным коштам $ 5–6 млрд. Крэдытнае падтрыманне “Эксімбанку” складае каля $ 3 млрд.

belsat.eu

Стужка навінаў