На 21 чэрвеня перанеслі прызначаны на сёння разгляд касацыйнай скаргі Партыі БНФ на рашэнне гаспадарчага суда Менску паводле пазову ЖРЭА, што хоча выселіць партыю з офісу. Пра гэта паведаміў сябра сойму партыі Вадзім Канапацкі.
Перанос разгляду звязаны з тым, што на паседжанні не змагло прысутнічаць кіраўніцтва партыі. Паводле словаў Канапацкага, старшыня цяпер у ад’ездзе, ягоны намеснік захварэў, таму 13 чэрвеня падалі хадайніцтва аб пераносе паседжання на тыдзень. Суд яго задаволіў.
Нагадаем, Гаспадарчы суд Менску 10 траўня пастанавіў выселіць Партыю БНФ, грамадскае аб’яднанне “БНФ “Адраджэньне”, а таксама іх менскія гарадскія і абласныя структуры са сталічнага офісу на праспекце Машэрава, 8. Гэтае памяшканне арганізацыі арандавалі ад 1992 г., тэрмін арэнды скончыўся 31 сакавіка 2011 г.
З пазовам аб высяленні структураў Партыі БНФ выступіла ЖРЭА Савецкага раёну Менску. У судзе яго прадстаўніца патлумачыла нежаданне працягваць арэнду тым, што памяшканне неабходнае “дзеля ўласных патрэбаў”. “Офіс ідэальна пасуе для размяшчэння нашых уласных службаў”, – сказала яна.
belsat.eu