Самім не хапае!


У Беларусі ад 1 чэрвеня ўведзеная часовая забарона на вываз макулатуры. Адпаведную пастанову Савет Міністраў падпісаў 9 чэрвеня.

Дакумент абвяшчае, што забарона ўводзіцца “ў адпаведнасці з артыкулам 8 “Пагаднення аб парадку ўвядзення і ўжывання захадаў, якія закранаюць вонкавы гандаль таварамі, на адзінай мытнай тэрыторыі ў адносінах да трэціх краінаў” і будзе дзеяць да 1 студзеня 2012 г.

“Згодна з беларускаю народнаю традыцыяй забарону абвесцілі прамінулым днём”, – іранізуе незалежны эканаміст Міхаіл Залескі. Спадар Залескі гаворыць, што макулатура пераўтварылася ў стратэгічную сыравіну невыпадкова: “На Светлагорскім камбінаце з яе вырабляюць кардон, які мы потым прадаем у Расею. Там з яго робяць упакоўку”.

Аднак, як зазначае эканаміст, у Расеі ці Польшчы за макулатуру звычайна плацяць значна больш, чым на беларускіх пунктах прыёму другаснай сыравіны, з чаго і паспяшаліся скарыстацца прадпрымальныя беларусы.

Спадар Залескі гаворыць, што гэтая пастанова – яшчэ адзін прыклад кіравання эканомікаю “ўручную”. “Прасцей, вядома, нешта забараніць ці абмежаваць, чым праводзіць рэформы, што выправяць у тым ліку і дыспарытэт у коштах”, – падсумоўвае эканаміст.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары