Беларускія мытнікі па-ранейшаму не шукаюць цыгарэтаў


У першыя дні забароны нелегальны бізнес дзее ў звычайным рэжыме.

Нягледзячы на абмежаванні ў вывазе тавараў з Беларусі за мяжу, якія днямі ўвёў Савет Міністраў, беларускія мытнікі не правяраюць, колькі пачкаў цыгарэтаў “чаўнакі” вывозяць з краіны.

Абмежаванне ўвозу цыгарэтаў у Польшчу (два пачкі на чалавека) дзее даўно, таму польскія мытнікі пільнуюць выкананне закону на сваёй тэрыторыі. А іхныя беларускія калегі на парушэнні заплюшчвалі вочы шмат гадоў. На памежным пункце, што месціцца ў будынку чыгуначнага вакзалу ў Горадні, кантрабандысты, не хаваючыся, распакоўваюць цыгарэтныя пачкі з блокаў, каб потым было прасцей схаваць іх у цягніку.

“У Горадні працуюць чатыры брыгады перавозчыкаў цыгарэтаў на чыгунцы, – распавядае “чаўнок” Сяргей В. – У кожнай брыгады ўжо прыгледжаныя месцы, куды хаваць пачкі, хто за які вагон адказвае. На памежным пункце беларусы правяраюць толькі дакументы, асабістыя рэчы іх не цікавяць”.

Як патлумачыла юрыст Святлана Шлома, мытнікі мусяць даглядаць рэчы пасажыраў: “Калі яны мелі падставы падазраваць, што чалавек перавозіць забароненыя рэчывы: наркотыкі, творы мастацтва, выбухоўку, яны і раней мусілі былі папрасіць паказаць, што ў торбах. Іншая рэч, што робіцца на практыцы. Ужо склалася традыцыя, што дэталёвы дагляд праводзяць па вяртанні ў Беларусь”, – адзначае эксперт.

Намеснік старшыні ў выхаваўчай працы Гарадзенскай рэгіянальнай мытні Віктар Гурэеў адзначыў: “У нас ніякіх праблемаў з нелегальнымі цыгарэтамі няма. Ніякіх канфіскацыяў і штрафаў у гэтыя дні не было”.

belsat.eu

Стужка навінаў