Перапрацоўчым заводам бракуе... смецця


Працаўнікоў заводаў перапрацоўкі смецця змушаюць саміх шукаць сыравіну і прыносіць на працу – прадпрыемствы загружаныя толькі на 60 %.

Працаўніца берасцейскага заводу Алена К. паведаміла «Белсату», што кіраўніцтва загадала працаўнікам самім шукаць смецце і праносіць яго на працу. «Я ўсіх сваіх знаёмых падключыла, – кажа жанчына. – У нас ужо нават спаборніцтва, як за савецкімі часамі было – якая школа здасць больш макулатуры. А калі сур’ёзна, то дырэкцыя растлумачыла сітуацыю так: хочаце працаваць – шукайце самыя сыравіну. У мяне муж дальнабойнік, дык ён смецце нават па трасе збірае». Паводле жанчыны, на завод таксама прывозяць смецце, сабранае ў горадзе. Але яго не стае, каб выкарыстаць усю магутнасць прадпрыемства. На гэты год кіраўніцтва заводу запланавала перапрацаваць 100 тыс. тонаў побытавых адкідаў.

Заводы перапрацоўкі смецця пабудавалі па ўсёй рэспубліцы згодна з дэкрэтам прэзідэнта «Дзяржаўная праграма збору і перапрацоўкі другаснай сыравіны ў РБ у 2009–2015 гг.». На будаўніцтва і запуск аднаго такога прадпрыемства пайшло не менш як 17 млрд руб. з дзяржаўнага бюджэту. Але, паводле справаздачаў саміх жа заводаў, загружанасць складае не больш за 60 %.

На меркаванне эколага Вольгі Астаповіч, у Беларусі не наладжаная сістэма збору і перапрацоўкі смецця. «Заводы пабудаваныя паводле найноўшых тэхналогіяў, пазычаных у немцаў. Дык вось, любы немец проста жахнуўся б, калі б даведаўся, што на такіх прадпрыемствах праца не ідзе поўнаю хадою. За мяжою гэта не толькі моцнае экалагічнае падтрыманне, але і выгадны бізнес. У нас жа не могуць паміж сабою дамовіцца камунальныя службы, якія адказваюць за збор смецця, і прадпрыемствы, якія яго перапрацоўваюць. У выніку забруджваецца навакольнае асяроддзе, бо адкіды гадамі ляжаць на сметніках, а заводы не атрымліваюць належнага прыбытку», – тлумачыць эксперт.

Паводле звестак Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя, цяпер у рэспубліцы зарэгістраваныя больш за 160 палігонаў цвёрдых побытавых адкідаў (ЦПА) і 80 збіральнікаў прамысловых адкідаў, з якіх толькі 23 % адпавядаюць нарматыўным патрабаванням. Каля паловы ўсіх палігонаў ЦПА эксплуатуюцца больш за 15 гадоў, а 30 % з іх вычарпалі свой рэзерв ёмістасці.

belsat.eu

Стужка навінаў