Дзяржаўныя медыі падтрымаюць, нягледзячы на крызіс


Міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі паабяцаў знайсці грошы.

На ягонае меркаванне, “газеты, тэлебачанне і радыё – гэта не крыніца атрымання прыбытку, таму дзяржава мусіць падтрымліваць свае медыі”.

Апошні час рэдактары дзяржаўных газетаў скардзяцца на павышэнне коштаў у друкарнях. Адмыслова створанае прадпрыемства ў Шклове, на якасць працы якога было шмат нараканняў, таксама ўзняло кошты на свае паслугі да 30 %. Як вынік, некаторыя газеты былі вымушаныя зменшыць аб’ём друкаваных аркушаў, або, як “Літаратура і мастацтва”, перайсці на чорна-белы друк.

На сустрэчы з прадстаўнікамі рэдакцыяў Алег Праляскоўскі паабяцаў праверыць, чаму кошты павысілі, і калі падвышэнне немэтазгоднае, пакараць прадпрыемствы. Сярод іншага ён таксама заўважыў, што газеты мусяць імкнуцца да самаакупнасці. Паводле ягонай інфармацыі, рэспубліканскія медыі і 60 % раённых ужо гатовыя да гэтага.

Аднак як паведаміла “Белсату” працаўніца рэспубліканскай газеты “Беларуская ніва” Яніна М., без падтрымання дзяржавы выжыць газеце будзе складана. “З рэкламы мы атрымліваем грошы, але іх недастаткова ні на прымальныя заробкі, ні на развіццё выдання. Нас ратуе пакуль падпіска. Калі сельскагаспадарчыя прадпрыемствы ды іхныя працаўнікі перастануць выпісваць газету, наклад рэзка скароціцца. З аднаго боку, у нас амаль няма канкурэнтаў. Але з іншага, сельскагаспадарчыя газеты цяпер не такія цікавыя чытачам, як у час СССР”, – кажа журналістка.

Прыкладна тое ж даводзілі міністру і рэдактары выданняў, таму Праляскоўскі абяцаў нікога не пакрыўдзіць: “Час складаны – крызіс. Але зробім усё магчымае, каб адшукаць грошы. Медыі – моцны фундамент беларускай дзяржавы, мы разлічваем на вашае падтрыманне, таму супраца працягнецца”.

belsat.eu

Стужка навінаў