Грамадзянаў Беларусі эвакуююць з Емену


Чатырох грамадзянаў Беларусі эвакуявалі з Емену ў панядзелак, 13 чэрвеня. Чакаецца, што сёння, 14 чэрвеня, яшчэ чацвёра беларусаў прыляцяць з Емену ў Маскву.

«У Емене няма беларускай амбасады, таму нельга дакладна сказаць, колькі беларускіх грамадзянаў цяпер застаюцца там. Мы працуем у цеснай каардынацыі з расейскімі калегамі», – паведаміла кіраўніца прэс-службы ўпраўлення інфармацыі Міністэрства замежных справаў Марыя Ваньшына.

Амаль паўгода працягваюцца ў Емене антыўрадавыя выступы, падчас якіх загінулі некалькі сотняў чалавек. У тым ліку пацярпеў і прэзідэнт краіны, паранены падчас абстрэлу мячэці 3 чэрвеня.

Больш за 200 чалавек былі забітыя і тысячы пакінулі краіну ў выніку сутыкненняў паміж прыхільнікамі прэзідэнта Алі Абдулы Салеха і сіламі генерала Алі Мухсэна аль-Ахмара, які не прызнае прэзідэнта з траўня і цяпер падтрымлівае пратэстоўцаў.

«Мы заяўляем, што за ўсе забойствы адказвае віцэ-прэзідэнт Абд ар-Раб Мансур аль-Гадзі. За ўсю жорсткасць у дачыненні нашага народу ў Архабе, Та’ізе, Зінджыбары і па ўсёй краіне, бо ён фактычна кіруе краінаю», – адзначыла на прэс-канферэнцыі прадстаўніца пратэстоўцаў Балькіс Мугамэд.

Апазіцыйныя партыі заявілі, што створаць пераходны ўрад, калі Салех саступіць уладу.

belsat.eu

Стужка навінаў