За пратэст у «Брузгах» далі штрафы


Затрыманыя ўдзельнікі інцыдэнту на памежным пераходзе «Брузгі» атрымалі адміністратыўныя штрафы.

Інцыдэнт у «Брузгах» пачаўся 12 чэрвеня а 18:00 з той прычыны, што працаўнікі мытні не выпускалі на тэрыторыю Польшчы кіроўцаў, якія выязджалі туды другі дзень запар. Падставаю для такіх дзеянняў сталіся рашэнні ўраду наконт абмежавання і забароны вывазу за мяжу аўтамабільнага паліва і шэрагу спажывецкіх тавараў.

Прыкладна 200 кіроўцаў, што пратэставалі супраць новых правілаў, перакрылі дарогу на памежным пераходзе. Супакоіць людзей беспаспяхова спрабавалі старшыня аблвыканкаму Сямён Шапіра, кіраўнікі абласных упраўленняў унутраных справаў, дзяржбяспекі і пракуратуры, якія прыбылі з Горадні. Пасля таго як абласное кіраўніцтва пакінула «Брузгі», з’явіліся байцы спецназу. Людзі разышліся пасля ўжывання слезацечнага газу. Рух аўтатранспарту на пункце пропуску аднавіўся а 21:00.

Учора МУС заявіла пра 22 затрыманых удзельнікаў інцыдэнту. Паведамлялася, у прыватнасці, што ў дачыненні затрыманых склалі пратаколы паводле арт. 23.4 («Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў») і арт. 23.34 («Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавай акцыі ці пікетавання») КоАП. «Правапарушальнікаў змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання Кастрычніцкага РАУС Горадні да разгляду адміністратыўных справаў у судзе», – адзначалася ў прэс-рэлізе ўпраўлення інфармацыі МУС.

«Мы ўчора тэлефанавалі ў канцылярыі судоў, дзе нам паведамілі, што судоў над удзельнікамі інцыдэнту ў «Брузгах» не будзе, – кажа праваабаронца Віктар Сазонаў. – Нам удалося высветліць, што затрыманым былі выпісаныя штрафы ў следчым ізалятары, куды і прыязджалі суддзі. Некалькі чалавек нам званілі і паведамілі, што штрафы былі большыя за 800 тысячаў». «Сапраўдных працэсаў не было. Усё адбывалася без адвакатаў, акалічнасці ўтойваліся ад грамадскасці», – падкрэсліў праваабаронца.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары