Час «прыватызацыйных абяцанак» мінуў?


Менск чакае першай траншы крэдыту з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. Палітолаг Кірыл Коктыш падкрэслівае, што цяпер Беларусь можа разлічваць на фінансавую дапамогу толькі па формуле «step-by-step» («крок за крокам»). Гэта значыць, што калі ўрад Беларусі не будзе выконваць узятых перад крэдыторам абавязкаў, то другой траншы папросту не атрымае. «Прыкладна так усё будзе вырашацца і ў адносінах паміж Расеяй ды Беларуссю», – дадаў палітолаг.

Паводле міністра фінансаў Расеі Аляксея Кудрына, крэдыт ЕўрАзЭС выдаецца на 10 гадоў па рухомай стаўцы 4,1 % гадавых. Паводле яго, прыватызацыя беларускіх актываў на 7,5 млрд долараў цягам трох гадоў засталася адною з умоваў выдзялення крэдыту. «Асноўным фактарам прытоку капіталу ёсць прыватызацыя, таму ёсць і прыватызацыйныя ўмовы: яны звязаныя з тым, каб цягам трох гадоў прыватызаваць маёмасць на суму 7,5 мільярдаў долараў – па 2,5 мільярда на год. Гэтая ўмова, несумненна, захаваецца», – заявіў Кудрын.

Адметна, што раней распачаць прыватызацыю рэкамендаваў Міжнародны Валютны Фонд. Гэта таксама было адною з умоваў выдзялення крэдыту афіцыйнаму Менску. Аднак улады Беларусі выставілі на продаж аб’екты вытворчасці, якія не могуць выклікаць інтарэсу інвестараў. Фактычна пакупнікам прапанавалі састарэлае абсталяванне, неканкурэнтную прадукцыю ды яшчэ і пазыкі прадпрыемстваў.

На фінансавую дапамогу з Захаду Беларусь бліжэйшым часам можа не разлічваць. Палітолаг Кірыл Коктыш падкрэслівае, што краіны Захаду, як і раней, будуць патрабаваць захавання правоў чалавека і вызвалення палітвязняў. Пры гэтым палітолаг упэўнены, што МВФ дапаможа Беларусі толькі ў выпадку, калі эканамічная сітуацыя зробіцца сапраўды крытычнаю. «МВФ будзе плаціць не за тое, каб нешта атрымаць у Беларусі, а за тое, каб не атрымаць маштабнай дэстабілізацыі, якая б ударыла па Еўропе і вуглевадародным транзіце», – падкрэсліў Кірыл Коктыш у інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат».

belsat.eu

Стужка навінаў