Судзяць Пачобута (Відэа: Пачобута вязуць з суда)


У судзе Ленінскага раёну ў Горадні распачаўся закрыты працэс над журналістам Андрэем Пачобутам. Яму пагражае ад 2 да 4 гадоў зняволення.

Карэспандэнту выдання «Gazeta Wyborcza» выставілі абвінавачанне паводле двух крымінальных артыкулаў: «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» і «Паклёп на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Працэс вядзе суддзя Віталь Ляцко.

Падставаю для абвінавачання сталіся публікацыі журналіста на старонцы «Беларускі партызан», у выданні «Gazeta Wyborcza» і ягоным блогу. Менавіта гэтыя матэрыялы нібыта абразілі прэзідэнта Беларусі.

Каля будынку суда каля 50 чалавек сабраліся, каб выразіць падтрыманне журналісту. Ніхто не выкрыквае лозунгаў – людзі толькі гутараць паміж сабою, журналісты бяруць інтэрв’ю ў сваякоў. Жонку Почобута, а таксама польскага консула ў залу суда не пусцілі.

Адвакат журналіста падаў скаргу ў звязку з закрытым фарматам суда. Цяпер усе чакаюць рашэння суддзі ў гэтым пытанні. «Калі скарга адваката не будзе задаволеная, атрымаць інфармацыю пра тое, што адбываецца на працэсе, будзе цяжка – з адваката возьмуць падпіску аб невыдаванні матэрыялаў справы», – кажа журналіст Анджэй Пісальнік, што знаходзіцца каля будынку суда.
“Пасля допыту экспертаў, што рабілі высновы па публікацыях журналіста, пракурор заявіў, што хоча выставіць новыя абвінавачанні”, – распавёў “Белсату” адзін з адвакатаў Андрэя Пачобута – Уладзімір Кісялевіч.

Паводле прадстаўніка абароны, у чым будзе палягаць сутнасць зменаў, пакуль незразумела: “Хутчэй за ўсё дзяржаўны абвінаваўца заўважыў хібы ў раней выстаўленым абвінавачанні”. Уладзімір Кісялевіч упэўнены, што ў выніку артыкулы, паводле якіх судзяць Пачобута, не зменяцца.

Уладзімір Кісялевіч таксама распавёў акалічнасці сённяшняга судовага працэсу. З ягоных словаў, суддзя Віталь Ляцко адхіліў усе хадайніцтвы абароны і самога падсуднага. Ляцко не пагадзіўся выклікаць у суд галоўнага пацярпелага Аляксандра Лукашэнку, не задаволіў хадайніцтва аб удзеле ў працэсе яшчэ аднаго адваката з Літвы, забараніў весці відэазапіс працэсу.

“Сітуацыя напружылася да такой ступені, што заявілі адвод суддзі. Аднак і гэтае хадайніцтва суд не задаволіў”, – апавядае адвакат. Спадар Кісялевіч таксама адзначыў, што, адхіліўшы хадайніцтва аб адвакату, суд парушыў дзейнае заканадаўства. Беларусь і Літва падпісалі пагадненне аб прававой дапамозе, а ў Андрэя Пачобута, як і ў любога іншага грамадзяніна нашай краіны, ёсць права мець хоць 20 адвакатаў, падкрэслівае абаронец.

Уладзімір Кісялевіч не выключае, што менавіта гэты факт стане галоўным пры абскарджванні будучага выраку журналісту.

Працяг працэсу над Андрэем Пачобутам – 17 чэрвеня а 10-й гадзіне.

belsat.eu

Стужка навінаў