Крыс Джарвіс: МВФ не выстаўляе палітычных умоваў


Перамовы з беларускім бокам пакуль не прасунуліся настолькі, каб можна было весці гаворку пра суму дапамогі, паведаміў кіраўнік місіі Міжнароднага Валютнага Фонду ў Беларусі.

МВФ прапаноўвае ўраду і Нацбанку правесці поўную лібералізацыю ва ўсіх сегментах валютнага рынку і ўніфікаваць абменны курс рубля. Пры гэтым МВФ не ёсць арганізацыяй, якая выстаўляе палітычныя патрабаванні.

Пра гэта кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Крыс Джарвіс заявіў 13 чэрвеня на брыфінгу ў Менску.

Ён падкрэсліў, што Беларусь перажывае сур’ёзны эканамічны крызіс, прычыны якога – «у празмерным павелічэнні аб’ёмаў крэдытавання і павышэнні аплаты працы да такога ўзроўню, калі эканоміка не магла сабе гэтага дазволіць». МВФ рэкамендаваў прэзідэнту, Нацбанку і ўраду супольна распрацаваць выразны план выхаду з крызісу, прычым «дзяржава мусіць растлумачыць насельніцтву, што і якім чынам будзе зроблена».

Сярод рэкамендацыяў МВФ – скарачэнне фінансавання дзяржаўных праграмаў, павышэнне ставак па дэпазітах (каб не пацярпелі ашчаджэнні насельніцтва), выйсце на бездэфіцытны бюджэт і пераход на рэжым плаваючага валютнага курсу. Адна з галоўных умоваў – не павышаць заробкаў, каб не выклікаць дэфіцыту.

Пакуль, паводле Джарвіcа, ні пра тэрміны рэалізацыі праграмы, ні пра суму крэдыту гаворка не ішла. Пры гэтым ён заявіў, што дзеяць трэба як мага хутчэй, каб стабілізаваць эканамічную сітуацыю ў краіне, але заўважыў, што перамовы пакуль прасунуліся не настолькі далёка, каб абмяркоўваць аб’ём фінансавай дапамогі.

Адказваючы на пытанне, які ўплыў на вылучэнне крэдыту можа мець палітычная абстаноўка ў краіне, кіраўнік місіі заявіў, што МВФ «не выстаўляе палітычных умоваў для сваіх крэдытаў». Пры гэтым ён заўважыў, што на паседжанні выканаўчай рады МВФ у сакавіку сёлета было заяўлена пра гатоўнасць падтрымаць Беларусь пры ўмове правядзення сур’ёзных эканамічных і структурных рэформаў. «З таго часу пытанне наконт Рэспублікі Беларусь на паседжанні выканаўчай рады МВФ не ўзнімалася, таму ніякай новай інфармацыяй я не валодаю».

belsat.eu

Стужка навінаў