Пратэст на памежным пераходзе «Варшаўскі мост»


Больш за 50 чалавек сабралася на памежным пераходзе пад Берасцем на знак пратэсту супраць новых правілаў вывазу за межы Мытнага саюзу паліва і шэрагу іншых тавараў.

Да ўдзельнікаў акцыі выйшлі кіраўнік берасцейскай памежнай групы Сяргей Брытаў, кіраўнік берасцейскай мытні Леанід Досаў ды кіраўнік УУС берасцейскага аблвыканкаму Уладзімір Сычэўскі. Дыялог пачаўся а 18:10 і яшчэ працягваецца.

На меркаванне ўдзельнікаў акцыі, уведзеныя абмежаванні парушаюць канстытуцыйнае права грамадзянаў на свабоднае перамяшчэнне. Некаторыя адзначалі, што ў Польшчы жывуць іхнія сваякі, якіх трэба наведваць часцей за адзін раз на пяць дзён. Падчас размовы прагучала інфармацыя, што аднаго грамадзяніна знялі з цягніка, бо ён ехаў другі раз цягам пяці дзён. На гэта чыноўнікі запрапанавалі напісаць скаргу.

Пратэстоўцаў здымаюць на камеру працаўнікі КДБ і міліцыі. Пераход адкрыты, чаргі з беларускага боку няма. Паводле кіраўніка берасцейскай мытні, колькасць машынаў пасля ўвядзення новых правілаў зменшылася.

Папярэдняя акцыя пратэсту адбылася на пункце пропуску «Брузгі» скончылася затрыманнем 22 чалавек. Гарадзенскі раённы суд ужо пачаў разглядаць адміністратыўныя справы. Затрыманых караюць буйнымі штрафамі.

belsat.eu

Стужка навінаў