У Бабруйску за Раманчука падпісаўся кожны 20-ы жыхар


На Магілёўшчыне Раманчук сабраў больш подпісаў, чым на роднай Гарадзеншчыне.

Як паведаміў прэтэндэнт на прэзідэнцтва ад АГП эканаміст Яраслаў Раманчук, Магілёўшчына аказалася на другім месцы пасля сталіцы, дзе за яго падпісаліся 45 тысячаў чалавек.

У Магілёўскай вобласці (агульная колькасць – 20 тысячаў) самую высокую актыўнасць праявіла насельніцтва Бабруйску. У гэтым 220-тысячным горадзе ўдалося сабраць 11 тысяч подпісаў.

Прэс-сакратар прэтэндэнта Ганна Красуліна лічыць, што кампанію можна назваць паспяховаю, і ў першую чаргу дзякуючы таму, што Раманчук кожны дзень сам удзельнічаў у пікетах па ўсёй Беларусі. Дарэчы, сярод пікетаў незалежных кандыдатаў рэкордную колькасць подпісаў сабраў той, які працаваў на Раманчука ля ЦУМу, – каля 2 тыс.

Ініцыятыўная група спыніла збор подпісаў пасля таго, як іх колькасць перавысіла 120 тысячаў. Праз тое, што для рэгістрацыі неабходна мець 100 тысячаў, сродкі кампаніі вырашылі накіраваць на іншыя захады, якія будуць папулярызаваць Яраслава Раманчука.

belsat.eu

Стужка навінаў