У Мeнску развіталіся з палітолагам Віталем Сіліцкім


На грамадзянскую паніхіду ў залу рытуальных паслугаў на вул. Альшэўскага, 12 прыйшлі блізкія і калегі.

Журналіст Генадзь Кеснер запомніў Віталя Сіліцкага як вельмі разумнага і шчырага чалавека: «Смерць Віталя – гэта вельмі вялікая страта. Мы адчуем яе пазней – страту не проста дырэктара Інстытуту стратэгічных даследаванняў, а чалавека, які ўмеў думаць, бачыць і прадбачыць, прадказваць сітуацыю і аналізаваць яе».

Развітацца з Віталем Сіліцкім прыйшла і праваабаронца Людміла Гразнова: «Гэта страта для дэмакратычнай Беларусі. Ён быў адным з нешматлікіх самых разумных, дасведчаных палітолагаў і, як аказалася, яшчэ і дастаткова добрым арганізатарам такога нефармальнага інстытуту, як BISS. Ён вельмі шмат зрабіў для Беларусі, для таго каб тут адбываліся перамены».

Віталь Сіліцкі памёр сёлета 11 чэрвеня на 39-м годзе жыцця ад анкалагічнай хваробы. Палітолаг перанёс аперацыю – выдаленне паражонай ракам ныркі – і праходзіў курс тэрапіі ў адной з клінікаў Бельгіі. Калі ягоны стан сур’ёзна пагоршыўся, Віталь Сіліцкі вярнуўся ў Беларусь.

belsat.eu

Стужка навінаў