Замежныя футбалісты пакідаюць беларускія каманды


Іх не задавальняюць ганарары ў беларускіх рублях.

Першым кантракт з беларускаю камандаю разарваў сербскі абаронца Нэманя Цвэткавіч. Кіраўніцтва гарадзенскага “Нёману” не стала затрымліваць 31-гадовага легіянера і падпісала вольную гульцу. Прычына сыходу Цвэткавіча – эканамічны крызіс. Рэч у тым, што футбалісты зарабляюць няблага, як для нашай краіны (каля $ 3000–5000), але грошы атрымліваюць у беларускіх рублях. Легіянеры папросту не ведаюць, што рабіць з гэтымі грашыма, бо набыць валюту амаль немагчыма, а захоўваць рублі бессэнсоўна.

Як паведаміла крыніца з клубу, Нэманя Цвэткавіч на развітанне сказаў: “Збіраюся паехаць туды, дзе ёсць долары!” Увесь час, пакуль ён гуляў у Горадні, на табло стадыёну сімвалічна выводзілі НЭМАНя Цвэткавіч. Фанатаў каманды расчаравала навіна пра сыход футбаліста.

Са словаў спартовага аглядальніка Уладзіміра Хаванскага, ёсць небяспека, што іншыя замежныя гульцы будуць таксама перапыняць працоўныя кантракты. “Ужо вядома, што разарваць кантракт з “Нёманам” плануе і малдаўскі нападнік Віёрэл Фрунзэ. Ён таксама не задаволены заробкам у беларускіх рублях. Кіраўніцтву клубаў, а таксама чыноўнікам трэба сур’ёзна паклапаціцца пра развязанне гэтай праблемы. Легіянеры прыехалі сюды зарабіць грошай і прасунуцца далей у сваёй кар’еры – гуляць за ідэю яны не будуць. Урэшце яны з’едуць у іншую краіну, дзе клуб, можа, менш прэстыжны, але заробак будзе стабільны”, – лічыць эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў