Алег Манаеў: У беларусаў расце адчуванне несправядлівасці


Ці здолее апазіцыя скарыстацца з памылак уладаў, каб прыцягнуць новых прыхільнікаў на свой бок? Сацыёлаг Алег Манаеў упэўнены, што дзеля гэтага апазіцыя мусіць у сваіх праграмах, лозунгах і дзеяннях надаваць найбольш увагі менавіта эканамічнай сітуацыі.

“Другі кірунак – з таго, як людзі ўспрынялі тэракт у метро, выракі ўдзельнікам 19 снежня, можна казаць, што ўсё больш расце адчуванне несправядлівасці. Гэта таксама можна пэўным чынам “упакоўваць” у выглядзе лозунгаў ды акцыяў”, – гаворыць Алег Манаеў.

Гэтак, паводле апошняга апытання Незалежнага інстытуту эканамічных і палітычных даследаванняў, 28 % рэспандэнтаў лічаць, што асуджаныя за Плошчу – невінаватыя. Яшчэ 24,7 % заявілі, што асуджаныя вінаватыя, аднак выракі занадта суворыя. Што да эканомікі – ажно 40 % апытаных заявілі, што іхныя сённяшнія даходы “ледзь дазваляюць” нармальна харчавацца. “Можна рабіць шмат высноваў з гэтай інфармацыі. Але хутчэй з гэтых лічбаў больш адэкватныя высновы зробіць улада, а не апазіцыя”, – мяркуе сацыёлаг.

Паводле Алега Манаева, падчас зніжэння ўзроўню даверу да ўладаў тэарэтычна можна казаць пра рост сімпатыяў у дачыненні апазіцыі. “Быў перыяд у 2002 г., калі рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі быў 26 %, але ніколі гэта не было звязана з адпаведным ростам даверу, сімпатыяў і жаданнем падтрымаць апазіцыю. Адсюль выснова – калі будуць нейкія сацыяльныя выбухі ў той ці іншай форме, то я думаю, што апазіцыя будзе да іх мець мінімальную датычнасць”, – падсумаваў сацыёлаг.

belsat.eu

Стужка навінаў