Экс-кандыдаты – па этапе


Класкоўскага, Статкевіча, Вуса і Буланава сёння этапуюць у калоніі Шклова і Магілёва.

Асуджаных у справе аб масавых беспарадках экс-кандыдатаў Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Вуса сёння этапуюць у калоніі Шклова і Магілёва. Пра гэта паведаміла сястра яшчэ аднаго асуджанага за Плошчу, Аляксандра Класкоўскага, якога чакае той самы лёс.

Паводле Вольгі Класкоўскай, разам з ейным братам адправяць Мікалая Статкевіча. Яшчэ два фігуранты справы – Дзмітрый Вус і Дзмітрый Буланаў – сёння ж паедуць у магілёўскую турму.

Раней паведамлялася, што Класкоўскага павязуць у калонію ўначы на 11 чэрвеня. Ён напісаў заяву аб пераводзе з менскага СІЗА № 1 у турму, не чакаючы вынікаў разгляду касацыі. Як былы працаўнік міліцыі, ён разлічваў трапіць у калонію “Віцьба-3” пад Віцебскам.

Класкоўскага абвінавачвалі на падставе чч. 1 і 2 арт. 293 (“арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках”), арт. 369 (“знявага прадстаўніка ўлады”) і арт. 382 (“самавольнае прысваенне звання або ўлады службовай асобы”) Крымінальнага кодэксу. 26 траўня суд Ленінскага раёну Менску вынес яму вырак: пяць гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Мікалаю Статкевічу прысудзілі шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Дзмітрыю Вусу – пяць з паловаю гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Тыя, хто праходзіў з экс-кандыдатамі ў адной справе, атрымалі: Арцём Грыбкоў – чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з прымусовым лячэннем ад алкагалізму; Аляксандр Квяткевіч – тры з паловаю гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму; Дзмітрый Буланаў – тры гады ў калоніі ўзмоцненага рэжыму; Андрэй Пазняк – два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

belsat.eu

Стужка навінаў