Мяжа на замку


Апоўначы 12 чэрвеня ўводзяцца абмежаванні для фізічных асобаў на вываз з Беларусі за межы Мытнага саюзу некаторых вырабаў айчынай вытворчасці.

Згодна з пастановаю Савету міністраў № 755, грамадзянам можна будзе вывозіць не болей за 2 кг мяса, цукру, мукі, сычужных сыроў. Цыгарэтаў – не больш за 2 пачкі, масла – 1 кг, мясных і малочных кансерваў – не болей за пяць бляшанак. За перавышэнне нормаў вывазу грамадзянам давядзецца заплаціць адмысловы збор у падвойным памеры кошту тавару.

Абмежаванні ўвялі толькі на вываз тавараў за межы Мытнага саюзу. Забароны не датычаць Расеі ды Казахстану. Такім чынам, уведзеныя нормы ўдараць перадусім па дробных гандлярах на межах з Літвою ды Польшчаю.

У пералік тавараў, вываз якіх увогуле забараняецца, увайшла бытавая тэхніка, цэмент, пральныя парашкі прадпрыемства “Бархім”, крупы ды макарона. Як тлумачыцца ў пастанове, рашэнне прынялі дзеля “забеспячэння эканамічнай стабільнасці дзяржавы і рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзянаў на годны ўзровень жыцця”.

“Усе апошнія акцыі ўраду Беларусі разлічаныя выключна на бабулек, што глядзяць тэлебачанне. Нічога для грамадскасці яны не даюць”, – упэўнены незалежны эканаміст Міхась Залескі. Паводле яго, праблема палягае не ў вывазе і не ў дыспарытэты коштаў, а ў дыспарытэты структуры вытворчасці: “Чым больш мы вырабляем прадукцыі, тым больш аказваемся віннныя грошай вонкаваму свету. На жаль, так арганізаваная нашая вытворчасць, што камплектавальныя і паліва каштуюць даражэй, чым прадукцыя, якая вырабляецца пры іх дапамозе”.

Эканамічны аналітык Яўген Прэйгерман упэўнены, што пастанова будзе спрыяць павялічэнню карупцыі: “Гэтыя забароны прывядуць да канфліктных сітуацыяў, калі звычайныя грамадзяне вымушаныя будуць плаціць за лішак вагі. У той жа час узнікне пласт набліжаных да дзяржаўных асабліва кампетэнтных службаў, якія паспяхова выкарыстаюць сітуацыю для ўласнага ўзбагачэння”.

Нагадаем, з 11 чэрвеня таксама абмежаваны вываз аўтамабільнага паліва – выязджаць на ўласным аўце за межы краіны можна цяпер не часцей як раз на пяць дзён. Інакш гэта будзе расцэньвацца як “выкарыстанне паліва для камерцыйных мэтаў пад выглядам тавару для асабістага карыстання” і абкладацца мытам.

belsat.eu

Стужка навінаў