Ліст палітвязня: Гэта колькі ж трэба было скрасці, каб так давесці краіну


Маці палітзняволенага Фёдара Мірзаянава атрымала ад сына ліст з СІЗА. А вось у спатканні суддзя Наталля Чатвярткова ёй упарта адмаўляе.

Маці не мела звестак ад сына болей як дзесяць дзён. “Мая гіпотэза пацвердзілася – лісты сына не прапускала цэнзура, бо ў іх ён вельмі рэзка ацэньвае цяперашняе эканамічнае становішча ў краіне”, – гаворыць Людміла Мірзаянава. Вось і ў атрыманым сёння – шмат радкоў закрэслілі цэнзары, аднак галоўнае ўсё адно чытаецца, гаворыць жанчына.

Людміла Мірзаянава працытавала “Белсату” некалькі вытрымак з ліста. “Гэта ж колькі грошай трэба было скрасці, каб у краіне, якая ні з кім не ваюе, у якой выдатная вонкавая кан’юнктура, якую датуе Расея газам і нафтаю, пачаўся такі сур’ёзны эканамічны крызіс? Выкажу здагадку, што шмат! Усе гэтыя праграмы імпартазамяшчэння, ільготнага крэдытавання, падтрымання сельскай гаспадаркі – гэта выдатная магчымасць карупцыі”, – піша Фёдар Мірзаянаў.

Хлопец звяртае ўвагу маці на тое, што сёння нават незалежныя газеты баяцца падымаць вострыя тэмы: “Аднак я іх не вінавачу. У Беларусі не засталося месца, дзе можна свабодна выказваць свае перакананні. Нават у турме, дзе, здавалася б, губляць увогуле няма чаго, лепш пакінуць сваё меркаванне пра дзейсную ўладу пры сабе. Але ў душы яе ўсё ненавідзяць, і з кожным днём, праведзеным тут, гэтая нянавісць толькі ўзмацняецца. Я не кажу, што гэта добра ці дрэнна, проста, мама, гэтак і ёсць”.

Людміла Мірзаянава гаворыць, што 10 чэрвеня яна аднесла сыну чарговую перадачу: “Пакуль Фёдара трымаюць на Валадарцы, але ў любы момант могуць этапаваць у калонію. За час пасля прысуду я толькі аднойчы пабачыла сына, у далейшых спатканнях з ім суддзя Наталля Чатвярткова мне адмаўляе”. Нагадаем, Людміле Мірзаянавай не дазволілі прысутнічаць і на абвешчанні выраку сыну.

Студэнт трэцяга курсу Беларускага эканамічнага ўніверсітэту Фёдар Мірзаянаў быў асуджаны на тры гады зняволення за ўдзел у акцыі 19 снежня. Падпісваць касацыйную скаргу на прысуд хлопец катэгарычна адмовіўся, заявіўшы, што разгляд яе ўсё адно будзе фармальны, таму дастаткова скаргі адваката. Месцам адбыцця пакарання палітзняволенаму Фёдару Мірзаянаву прызначылі папраўчую калонію № 22 (Івацэвічы, Берасцейская вобласць).

belsat.eu

Стужка навінаў