Скарачаецца фінансаванне навукі


На ранейшым узроўні застанецца толькі ўкладанне сродкаў у ядравую энергетыку.

Паводле старшыні Прэзідыуму НАН Беларусі Анатоля Русецкага, у першую чаргу пакінуць тыя праекты, ад якіх чакаецца практычная карысць ужо найбліжэйшым часам. “У гэтым сэнсе ядравая энергетыка – прыярытэтны кірунак у навуцы. Мы будуем АЭС, таму развіваць даследаванні надзвычай важна. Фінансаванне ў гэтай сферы застанецца ранейшым”, – адзначыў спадар Русецкі.

Скарачэнне сродкаў закране найперш праекты, якія толькі планаваліся, або тыя, дзе навукоўцы ледзь падышлі да даследавання. Пад пытаннем фінансаванне гуманітарных навук. Кіраўніцтва дзяржавы настойвае на практычных даследаваннях, якія б прыносілі рэальныя сродкі ў краіну.

“На апошняй нарадзе кіраўніцтва нашага інстытуту растлумачыла нам, што цяпер перавага ў фінансаванні будзе аддавацца тым інавацыйным праектам, якія ў хуткім часе можна будзе прадаць. У першую чаргу, за мяжу. Навука мусіць прыносіць валюту – такое пасланне ўладаў да навукоўцаў”, – кажа навуковая супрацоўніца фізіка-тэхнічнага інстытуту НАН РБ Ірына Мурашова. Аднак на яе меркаванне навука не можа стаць канвеернаю, некаторыя адкрыцці патрабуюць шматгадовых даследаванняў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары