Прадпрымальнікаў з Чэрвеньскага рынку высяляюць у Лошыцу


Пабудаваць гандлёвыя месцы яны мусяць за свой кошт.

У Менгарвыканкаме паведамляюць, што на месцы Чэрвеньскага рынку пабудуюць шматфункцыянальны комплекс з гандлёвым, забаўляльным, аздараўленчым і дзелавым цэнтрамі. Праект інвестыцыйны, дамова падпісаная з іранскімі бізнесоўцамі. Беларускім прадпрымальнікам дазволяць гандляваць на старым месцы да канца лета. “У верасні прадпрымальнікі павінны пакінуць Чэрвеньскі рынак. Ім прапаноўваюць пераехаць на рынак у Ждановічы, калі там будуць вольныя месцы, або на новы рынак у Лошыцы. Будаўніцтва гэтага рынку будзе ажыццяўляцца за кошт саміх прадпрымальнікаў”, – распавялі ў сталічным саюзе прадпрымальнікаў.

Свае гандлёвыя месцы бізнесоўцы будавалі за свой кошт і на Чэрвеньскім рынку, але кампенсаваць выдаткі Менгарвыканкам не збіраецца.

“Улады ўжо звыкла паводзяць сябе безадказна, – лічыць прадпрымальнік Андрэй Сцяпура. – У бізнесу па-ранейшаму няма ніякіх гарантыяў з боку дзяржавы. Прыбралі ўсе шапікі ў Менску на прыпынках, высяляюць нас з Чэрвеньскага. А мы, між іншага, напаўняем падаткамі дзяржбюджэт і ствараем працоўныя месцы, але Менгарвыканкам не хоча зважаць на гэта”.

Чэрвеньскі рынак адрозніваецца сваёй кампактнасцю, блізкасцю да цэнтру і наяўнасцю неабходнага асартыменту тавараў, пачынаючы ад харчоў, заканчваючы побытаваю тэхнікаю, адзеннем і будаўнічымі матэрыяламі. Акрамя таго, гэта папулярнае месца набыткаў для людзей сярэдняга і ніжэй за сярэдні прыбытку. Цяпер тут працуе каля паўтысячы гандляроў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары