На штрафы пайшло 8 кілаграмаў рублёў


Актывісты інфармацыйна-асветнай установы “За Аўто” ўвечары 10 чэрвеня ў адным з менскіх аддзяленняў “Беларусбанку” заплацілі за аштрафаваных удзельнікаў акцыі пратэсту “Стоп бензін” васьмю кілаграмамі грошай.

Агульная сума штрафаў склала больш за 3,3 млн рублёў. З іх 100 тыс. актывісты перадалі купюрамі наміналам 10, 20 і 50 рублёў – гэтая выкладзеная ў пакет дробязь і заважыла каля васьмі кілаграмаў.

Людзі, што знаходзіліся каля касы, пачалі здымаць працэс прыёму і пераліку грошай на камеры мабільных тэлефонаў і фотаапараты, што не спадабалася працаўніцам банкаўскага аддзялення. Пасля беспаспяховых спробаў забараніць здымку і патрабаванняў разысціся адна з працаўніц скарысталася “трывожнаю кнопкай” і выклікала міліцыю.

Міліцыянты, якія прыбылі ў банк праз некалькі хвілінаў, так і не зразумелі, навошта іх выклікалі. Яны заявілі, што ніякіх парушэнняў не бачаць і пакінулі будынак. Пералік грошай доўжыўся 45 хвілінаў.

Студэнтка Алеся Макась, аштрафаваная судом Цэнтральнага раёну Менску на 15 базавых велічынь (525 тыс. рублёў), паведаміла, што “гэткае затрыманне было першы раз, і першы раз далі штраф”.

“Гэта вельмі прыемна, калі людзі падтрымліваюць, нават не столькі матэрыяльна, колькі маральна. Я не чакала, што столькі людзей адгукнецца, не была гатовая да салідарнасці такога маштабу”, – сказала яна. Сваё пакаранне дзяўчына лічыць неабгрунтаваным, пасля гэтага здарэння падумвае больш актыўна выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю.

“Мяне ўжо даўно спрабуюць уцягнуць у розныя арганізацыі ды партыі, але я неяк супраціўлялася. А цяпер думаю – трэба”, – заявіла студэнтка.

Паводле аштрафаванага Дзмітрыя Кавалгіна, акцыя салідарнасці паказала, што “народ у цяжкую хвіліну больш аб’ядноўваецца, раней такога не было”.

Прынамсі, 1 млн рублёў з рэшты сродкаў, сабраных грамадскасцю для аштрафаваных, актывісты “За аўта” перададуць у Дом дзіцяці, паведаміў дырэктар установы Арцём Шаркоў. Пасля канчатковага падліку сума сабраных грамадзянамі сродкаў перавысіла 5,2 млн рублёў.

Шаркоў паведаміў, што астатнія грошы таксама, магчыма, перакажуць на рахунак Дому дзіцяці або яны застануцца ў “фондзе” падтрымання будучых “штрафнікоў”.

belsat.eu
https://youtu.be/0crELnBvpDU

Глядзі таксама
Каментары