«Міжнародныя сволачы» не зацьмяць Дня касманаўтыкі


https://youtu.be/WoMRdeln8BE
Паабяцаў двойчы герой Савецкага Саюзу, генерал-палкоўнік авіяцыі Уладзімір Кавалёнак.

На сустрэчы з чальцамі моладзевага клубу «Патрыёт» і працаўнікамі касмадрому «Байканур» Кавалёнак выказаў занепакоенасць з лёсу савецкай спадчыны: «Пасля Дня Перамогі, гэта [першы палёт чалавека ў космас] быў, напэўна, другі паводле значнасці трыумф савецкага народу. І дзякуй Богу, сёння ніводная міжнародная сволач не асмеліцца кінуць цень на наш Дзень касманаўтыкі. Гэты дзень насамрэч наш!»

Лётчык-касманаўт нечакана раззлаваўся, закрануўшы тэму смерці Юрыя Гагарына: «Сёння прасоўваецца шмат розных версіяў гэтай трагедыі. Я дзесяць гадоў кіраваў Ваенна-паветранай інжынернай акадэміяй імя Жукоўскага, і ў нас працаваў прафесар Белацаркоўскі. Разам з Аляксеем Лявонавым ён напісаў нейкі памфлет, маўляў, пралятаў нейкі самалёт, здуў і гэтак далей. Гэта абсалютная бязглуздзіца тых, хто страціў розум! Не разумею, чаму мой калега прыстыкаваўся да гэтага Белацаркоўскага», – звярнуўся да прысутных генерал-палкоўнік.
Міжтым доктар тэхнічных навук, прафесар Сяргей Белацаркоўскі ўдзельнічаў у расследаванні смерці Юрыя Гагарына. Паводле ягонай версіі, «МиГ», на якім ляцеў першы касманаўт планеты, небяспечна наблізіўся да другога самалёта і трапіў у яго рэактыўны след.

Чым скончылася навукова-следчая дыскусія Белацаркоўскага і Уладзіміра Кавалёнкі? «Я выклікаў гэтага прафесара і сказаў: калі вы яшчэ раз успомніце сваю версію, я вас проста звольню і выганю з акадэміі як апошняга сабаку. Не трэба верыць ні Белацаркоўскаму, ні Лявонаву, ні Кавалёнку, гэта таямніца, нераскрытая таямніца нашых зямлянаў», – сказаў, як адрэзаў лётчык-касманаўт.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары