Людміла Гразнова: Уладам выгадна спекуляваць на тэме смяротнага пакарання


Бліжэйшым часам смяротнага пакарання ў Беларусі не адменяць. Пра гэта міністр юстыцыі Віктар Галаванаў заявіў падчас справаздачы па праблеме ўжывання смяротнай кары ў Беларусі.

На думку міністра, беларускае грамадства пакуль не гатовае да прыняцця рашэння аб скасаванні смяротнага пакарання. Міністр спасылаецца на рэферэндум 1996 г. Тады за захаванне смяротнай кары прагаласавалі болей за 80 % беларусаў.

Аднак беларускія праваабаронцы сцвярджаюць, што за 15 гадоў прыярытэты грамадства змяніліся. Кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі згадвае даследаванне сацыялагічнай лабараторыі “Новак”, што праводзілася сёлета ўвесну. Паводле яго, супраць смяротнага пакарання выступілі амаль 40 % рэспандэнтаў, за захаванне найвышэйшай меры – 48 %.

“Беларускае грамадства фактычна раскалолася папалам. І гэта пры тым, што ў насельніцтва краіны бракуе інфармацыі, амаль не вядзецца дыскусія па гэтым пытанні”, – падкрэсліў Алесь Бяляцкі.

Яшчэ шэсць гадоў таму Канстытуцыйны суд прызнаў, што найвышэйшая мера пакарання супярэчыць асноўнаму закону дзяржавы. Адмяніць яе цяпер у кампетэнцыі прэзідэнта або парламенту краіны. Але бліжэйшым часам афіцыйны Менск наўрад ці пойдзе на такі крок, мяркуе старшыня Праваабарончага альянсу Людміла Гразнова.

“Уладам выгадна спекуляваць на гэтай тэме, каб чарговы раз выгандлеваць у Захаду тыя ці іншыя прэферэнцыі”, – зазначыла Людміла Гразнова.

belsat.eu

Стужка навінаў