Расея запускае новы аўтамабільны канцэпт, вядомы як «Ё-мобиль»


Расейскі мільярдэр Міхаіл Прохараў і губернатар Санкт-Пецярбургу Валянціна Матвіенка ўзялі ўдзел у цырымоніі адкрыцця будаўніцтва заводу для вытворчасці электрычных аўтаў «Ё-мобиль».

Прохараў вітаў удзел расейскіх дызайнераў у развіцці гэтага гібрыду. «Першае адрозненне – гэта канцэпцыя гэтага аўтамабіля. Гэта народны аўтамабіль не толькі па сваім кошце, але па сутнасці. Каб спаборнічаць з вялікімі заходнімі кампаніямі, мы выкарыстоўваем новую тэхналогію, вядомую як «краўдсорсінг». Мы даем выразныя тэхнічныя заданні, і нашыя выдатныя інжынеры дасылаюць нам рашэнні», – тлумачыць ён.

«Там больш за 20 інавацыяў, зробленых нашымі таленавітымі інжынерамі. Бо каб спаборнічаць з вялікімі канцэрнамі, не абавязкова губляць дзясяткі мільярдаў долараў. Дастаткова выкарыстаць патэнцыял нашага народу», – дадае Прохараў.

Завод будзе пабудаваны за межамі Санкт-Пецярбургу і мае пачаць дзейнасць у наступным годзе.

Губернатар Санкт-Пецярбургу Валянціна Матвіенка з захапленнем ставіцца да пачатку праекту: «Мне падабаецца ідэя, мне падабаецца дызайн. Мне падабаецца тое, што там гібрыдныя аўтамабілі. Будзе экалагічна і эканамічна эфектыўны аўтамабіль. І пачуцці самыя прыемныя. Да сёння такога аўтамабіля не было: народнага, з нармальным бюджэтам, прыгожага ў выкананні… У нас малады горад! У нас кожны дзясяты жыхар – студэнт. Я думаю, што гэты аўтамабіль будзе запатрабаваны моладдзю».

«Ё-мобиль» прэтэндуе на званне найтаннейшага гібрыднага аўта ў свеце. Яго дызайнеры кажуць, што машына будзе каштаваць $ 10 000.

Міхаіл Прохараў плануе інвеставаць у гэты праект $ 200 млн і спадзяецца, што ён будзе прыносіць прыбытак цягам наступных 4-5 гадоў.

13 снежня летась прайшла прэзентацыя аўтамабіляў, на якой акрамя канцэпту «Ё-мобиль» былі прадстаўленыя характарыстыкі серыйных аўтамабіляў. Прэм’ер-міністр Расеі Уладзімір Пуцін пратэставаў «Ё-мобиль» падчас паездкі на паседжанне Рады бяспекі РФ.

«Ё-мобиль» – гэта гібрыдны аўтамабіль, што прадугледжвае яго высокую эканамічнасць. Ён, як правіла, працуе за кошт электрычнага акумулятара, электрагенератара і электрапрываду колаў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары