Багданкевіч: Трэба змагацца з хваробаю, а не з наступствамі


«Беларусбанк» паведаміў, што «з мэтаю кампенсацыі насельніцтву інфляцыйных стратаў» з 15 чэрвеня будуць павышаныя адсоткавыя стаўкі па банкаўскіх укладах.

У залежнасці ад тыпу ашчаджэнняў адсоткавыя стаўкі па ўкладах у беларускіх рублях павялічваюцца да 24 %, па тэрміновых дэпазітах у замежнай валюце – да 9 % гадавых, паведамляецца на сайце банку.

«Згодна з планамі ўраду інфляцыя сёлета складзе 39 %, а на маё меркаванне дык і ўсе 50 %. У такім выпадку павышэнне адсоткаў па ўкладах да 24 % – гэта мізэр. Укладчык, паклаўшы грошы ў банк, страціць частку кошту, пра прыбытак тут і гаворкі не ідзе», – адзначае былы кіраўнік Нацыянальнага банку Беларусі, прафесар Станіслаў Багданкевіч.

Што датычыць павышэння ставак па валютных укладах, то, як мяркуе Багданкевіч, рашэнне прымалася дзеля таго, каб супакоіць людзей і не дапусціць, каб яны забіралі валюту з банку. Аднак у камерцыйных банках стаўкі па валютных укладах даўно перавысілі 9 %. «Дзяржаўны банк аказаўся самым кансерватыўным», – зазначае Станіслаў Багданкевіч.

Прафесар раіць уладам «зніжаць інфляцыю, вяртаць валюту ў абменнікі, і тады народ супакоіцца і сам панясе грошы ў банкі».

belsat.eu

Стужка навінаў