Крыніца E. coli – боб і фасоля


Паводле новых звестак, найбольш імавернаю крыніцаю бактэрыі Эшэрыхія колі (Escherichia coli), што забіла 29 чалавек у Нямеччыне і аднаго за яе межамі, ёсць парасткі фасолі, мяркуюць у Міністэрстве аховы здароўя Нямеччыны

Нямецкі міністр сельскай гаспадаркі і справаў спажыўцоў Ільзэ Айгнэр (Ilse Aigner) паведаміла, што папярэджанне наконт харчоў могуць скасаваць. «Адказныя навуковыя інстытуты сёння абвесцілі, што папярэджанні цяпер датычаць парасткаў бобу і фасолі, і што не трэба больш хвалявацца наконт агуркоў, памідораў і салаты-латуку», – сказала міністр.

Некалькі дзён таму з’явілася паведамленне пра ферму побач з нямецкім мястэчкам Бінэнбютэль (Bienenbüttel), адкуль, на меркаванне навукоўцаў, распаўсюдзіўся штам бактэрыі Эшэрыхія колі. Міністр сельскай гаспадаркі Ніжняй Саксоніі Герт Ліндэман (Gert Lindemann) на канферэнцыі ў нядзелю 5 чэрвеня паведаміў, што следчыя знайшлі рэдкі высокатаксічны від бактэрыі на ферме ў акрузе Юльцэн (Uelzen), на якой вырошчваліся бабовыя, а таксама пра тое, што ферму закрылі, а яе прадукцыю адклікалі. Раней меркавалася, што крыніцаю распаўсюду бактэрыі ў Еўропе сталіся іспанскія гуркі.

belsat.eu

Стужка навінаў