Яраслаў Раманчук: Крыніца эканамічнага экстрэмізму – у Адміністрацыі прэзідэнта і Савеце Міністраў


Прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду адказаў намесніку міністра эканомікі Андрэю Туру на заяву аб “экстрэмізме” ў эканамічнай праграме Яраслава Раманчука. “Андрэй Тур, на жаль, настолькі зросся з чыноўніцкім крэслам, што забыў і эканамічную тэорыю, і тым больш эканамічную практыку”, – заявіў палітык.

Нагадаем, 20 кастрычніка на прэс-канферэнцыі намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур назваў праект эканамічнай праграмы прэтэндэнта на прэзідэнцтва Яраслава Раманчука экстрэмісцкім.

Раманчук даў публічны адказ на заяву Тура на сустрэчы з журналістамі 22 кастрычніка. У прыватнасці, Раманчук адзначыў, што “ў Беларусі сапраўды шмат эканамічнага экстрэмізму, але яго крыніца знаходзіцца ў Адміністрацыі прэзідэнта і Савеце Міністраў”.

На ягоную думку, праявай эканамічнага экстрэмізму ёсць тое, што Беларусь знаходзіцца на 150-м месцы паводле ўзроўню эканамічнай свабоды, яна мае самае кепскае ў свеце падатковае заканадаўства і дагэтуль не стала чальцом СГА, а таксама тое, што наша краіна знаходзіцца на 154-м месцы паводле ўзроўню свабоды медыяў.

belsat.eu

Стужка навінаў