Вайсковая пракуратура расследуе факты катаванняў у КДБ


Дар’ю Корсак, жонку палітзняволенага Аляксандра Атрошчанкава, выклікалі да следчага ў асабліва важных справах следчага аддзелу Беларускай вайсковай пракуратуры падпалкоўніка А. Халімава.

“У мяне хацелі ўзяць тлумачэнні наконт маіх скаргаў на здзекі з мужа падчас ягонага ўтрымання ў “амерыканцы”, – патлумачыла “Белсату” Дар’я Корсак. Дар’я выправілася ў пракуратуру разам з праваабаронцаю Аленаю Танкачоваю, каб выключыць “магчымы ціск з боку прадстаўніка спецслужбаў”. Аднак следчы пачаў настойваць на тым, што згодна з Крымінальна-працэсуальным кодэксам прадстаўніком можа быць толькі адвакат. Спадарыня Корсак размаўляць са следчым без адваката адмовілася.

Праваабаронца Алена Танкачова заявіла падпалкоўніку Халімаву, што яна таксама мае што паведаміць наконт гэтай справы. “Мне прапанавалі напісаць заяву, што я і зрабіла. У ёй выклала факты ўжывання катаванняў не толькі ў дачыненні Аляксандра Атрошчанкава, але і Аляксея Міхалевіча, Андрэя Саннікава і Уладзіміра Някляева. То бок, усё тое, пра што яны распавядалі на прэс-канферэнцыях, у медыях і падчас судовых паседжанняў”, – гаворыць Алена Танкачова. У заяве праваабаронца пазначыла, што экс-кандыдат на прэзідэнта Уладзімір Някляеў матэрыялы пра катаванні перадаў у ААН.

Такім чынам, пракуратура мусіць праверыць ужо чатыры эпізоды супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні палітвязняў, адзначае праваабаронца. Алена Танкачова заклікае сваякоў асуджаных, якім вядома пра катаванні іхных блізкіх, падаць заявы ў Вайсковую пракуратуру з патрабаваннем разгледзець гэтыя факты.

Першы пра катаванні у СІЗА КДБ распавёў Аляксей Міхалевіч. Пазней гэтую інфармацыю пацвердзіў яшчэ адзін вязень “амерыканкі”, Аляксандр Атрошчанкаў. Былы кандыдат на прэзідэнта Андрэй Саннікаў заявіў пра катаванні падчас судовага працэсу. Супернік Лукашэнкі на мінулых выбарах Уладзімір Някляеў распавёў пра гэта прадстаўнікам незалежных медыяў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары