Выбух у метро: следства працягнулі, інфармацыя замоўчваецца


Тэрмін расследавання крымінальнай справы аб тэрарыстычным акце ў менскім метро працягнуты, паведамілі ў Генеральнай пракуратуры Беларусі. Вядома, што следства дайшло да фінальнай стадыі.

Праваабаронца Алег Волчак паведаміў “Белсату”, што гэта звычайная практыка – працягваць такія складаныя справы. На ягоную думку, тэрмін працягнулі з аб’ектыўнай прычыны, бо “працэсуальна за гэты час скончыць следства было амаль немагчыма”. З іншага боку, справа вельмі закрытая, інфармацыі пра яе мала, таму нават юрысту нялёгка даваць каментары, кажа Воўчак.

Адсутнасць інфармацыі пра справу аб тэракце ў менскім метро цягам усяго гэтага часу можна патлумачыць тым, што адразу пасля здарэння ўсе афіцыйныя структуры каментавалі яго вельмі актыўна. “І гэтак накаментавалі, што з’явіліся супярэчнасці паміж іхнымі афіцыйнымі версіямі. Таму, напэўна, і было вырашана, што лепш увогуле не даваць грамадскасці ніякай інфармацыі”, – мяркуе праваабаронца.

11 красавіка ў выніку выбуху на станцыі “Кастрычніцкая” Менскага метрапалітэну загінулі 15 чалавек, каля 200 былі параненыя. Як паведаміў журналістам 29 красавіка намеснік генеральнага пракурора, кіраўнік следчай групы Андрэй Швед, абвінавачанне ў тэрарызме выставілі двум грамадзянам Беларусі. Аднаго з іх таксама вінавацяць ва ўчыненні тэрактаў 14 і 22 верасня 2005 г. у Віцебску і ў ноч з 3 на 4 ліпеня 2008 г. у Менску.

belsat.eu

Стужка навінаў