Мільярд Макея знайшоўся?


Кампанія “Уралкалій” можа выдаць “Беларуськалію” крэдыт на $ 1 млрд тэрмінам на паўтара года, паведамляе расейская газета “Ведомости” са спасылкаю на інфармаваныя крыніцы.

Стала вядома, у прыватнасці, што пра выдаванне крэдыту найбуйнейшага саўладальніка “Уралкалію” Сулеймана Керымава папрасіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы 8 чэрвеня. Мяркуецца, што “Уралкалій” дасць Беларусі $ 1 млрд з уласных сродкаў у якасці аплаты за наступны продаж калію паводле фіксаваных коштаў, адзначае выданне.

Мільярдавы крэдыт, пішуць “Ведомости”, можна расцэньваць як перадплату ў набыцці “Беларуськалію” – своеасаблівую гарантыю ўгоды.

Паводле эканаміста Таццяны Манёнак, Расея сапраўды моцна зацікаўленая ў набыцці “Беларуськалію” і далучэння ягоных магутнасцяў да расейскіх. “Гэта будзе самы моцны, самы буйны гулец на сусветным калійным рынку”, – падкрэсліла Таццяна Манёнак у інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат”.

Тым не менш, эксперт сумняваецца ў тым, што гэты крэдыт аўтаматычна азначае продаж “Беларуськалію”. “Для мяне зусім не відавочна, што ўгода адбудзецца. Гэтак, крэдыт яны, магчыма, папрасілі – і, магчыма, такі крэдыт атрымаюць. Але ці будзе такая ўгода і як хутка – вялікае пытанне. Яшчэ няма нават рынкавай ацэнкі “Беларуськалію”, – падкрэсліла Таццяна Манёнак.

Днямі Уладзімір Макей, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта, заявіў, што цягам месяца Беларусь атрымае крэдыт на $ 1 млрд, аднак крыніца грошай так і не была названая.

belsat.eu
https://youtu.be/aUQIgw5uh4w

Глядзі таксама
Каментары