33 гады з дня смерці Уладзіміра Караткевіча


Пісьменнік памёр 25-га ліпеня 1984-га года.

Аўтар раманаў «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», аповесцяў «Дзікае паляванне караля Стаха», «Чорны замак Альшанскі», шматлікіх кніг паэзіі, перакладаў, нарысаў, Уладзімір Караткевіч вучыў беларусаў любіць Беларусь. І да сёння ён застаецца адным з самых чытаных беларускіх пісьменнікаў.

Уладзімір Караткевіч нарадзіўся 26-га лістапада 1930 г. у сям’і рускамоўнага чыноўніка ў горадзе Ворша. Падчас вайны ён быў эвакуяваны спачатку ў Перм, а пасля ў Арэнбург. Сярэднюю адукацыю ён атрымаў у Воршы. Скончыў філалагічны факультэт Кіеўскага ўніверсітэту. Свабодна валодаў украінскай мовай і меў рэпутацыю «украінскага нацыяналіста».

У 1954 – 1956 гг. быў настаўнікам у вясковай школе недалёка ад Кіева і ад 1956 да 1958 выкладаў у родным горадзе Ворша. Пазней вучыўся на курсах па літаратуры і кінематаграфіі ў Маскве. З 1962 году і да сваёй заўчаснай смерці ў 1984 г. жыў у Менску.

Душа застанецца

У 2010 годзе Кася Камоцкая і Віктар Корзун знялі для тэлеканалу «Белсат» дакументальны фільм, які распавядае пра таямніцы ўплыву твораў Караткевіча на фармаванне беларускай нацыянальнай свядомасці. А таксама падсвядомасці.

Фільм называецца «Уладзімір Караткевіч. Душа застанецца» – паводле першага радка аднаго з вершаў творцы. «Гэты выраз адпавядае канцэпцыі стужкі», – кажа прадзюсарка, спявачка Кася Камоцкая, якая гутарыць пра Караткевіча з героямі фільму: ягонымі сябрамі ды чытачамі-выхаванцамі – Антосем Рудаком, Андрэям Хадановічам, Рыгорам Барадуліным, Васілём Сёмухам, Адамам Мальдзісам, Святланай Курс і іншымі.

Стужка навінаў