Андрэй Савіных абураны з адмовы выдачы візаў дзяржаўным журналістам


Прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Савіных пракаментаваў на брыфінгу 9 чэрвеня сітуацыю з адмоваю ва ўездзе ў ЕЗ групе беларускіх журналістаў. «Канферэнцыя ў Вільні пазіцыянавалася як важнае мерапрыемства для ўмацавання свабоды СМІ, свабоды выказвання меркаванняў, забеспячэння правоў і бяспекі журналістаў. Запрашэнне да ўдзелу ў гэтым мерапрыемстве было падпісана дзейсным старшынём АБСЕ, міністрам замежных справаў Літвы і прадстаўніком АБСЕ ў пытаннях свабоды СМІ», – нагадаў прэс-сакратар МЗС.

Андрэй Савіных зазначыў, што «ўсе краіны без выключэння, на тэрыторыі якіх размяшчаюцца штаб-кватэры міжнародных арганізацыяў або праводзяцца форумы пад эгідаю гэтых арганізацыяў, бяруць на сябе абавязкі забяспечыць бесперашкодны доступ на сваю тэрыторыю для нацыянальных дэлегацыяў». «Абмежаванні ў гэтым выпадку не толькі недарэчныя, але і ёсць парушэннем міжурадавых пагадненняў», – заявіў прэс-сакратар. Такім чынам, паводле прадстаўніка МЗС, Еўразвяз «адкрыта прадэманстраваў грэблівае стаўленне да сваіх добраахвотна ўзятых міжнародным абавязкаў».

Дэлегацыя афіцыйнага Беларускага саюзу журналістаў не змагла ўзяць удзел у нарадзе наконт бяспекі журналістаў у рэгіёне АБСЕ, якая праходзіла 7–8 чэрвеня ў рамках старшынства Літвы ў АБСЕ, бо літоўскае пасольства адмовіла журналістам у выдачы візаў, спаслаўшыся на санкцыі, уведзеныя Радай ЕЗ.

belsat.eu

Стужка навінаў