Аб’яднаная грамадзянская партыя патрабуе пакараць вінаватых у крызісе


https://youtu.be/l73SiwiBAro
На паседжанні палітрады партыі былі прэзентаваныя праект адозвы «Аб нядбайнасці, дзеяннях і бяздзейнасці органаў дзяржаўнага кіравання, што прывялі да нанясення насельніцтву, камерцыйным арганізацыям стратаў у асабліва буйных памерах», і планы папулярызацыі антыкрызіснай праграмы АГП.

Паводле лідара партыі Анатоля Лябедзькі, гэтая праграма сталася вынікам працы сябраў партыі і прыцягнутых экспертаў. На ягоную думку, распрацоўванне антыкрызіснай праграмы прымусіла ўрад прапанаваць свой план дзеянняў – «план 35».

«Цяпер ёсць магчымасць параўнаць нашае бачанне сітуацыі ды тое, як ацэньвае яе ўлада, – зазначае Анатоль Лябедзька. – І самае галоўнае – што рабіць у гэтых умовах? Думаю, адказ відавочны: мы прапаноўваем праграму выйсця з крызісу, а ўлада хоча закансерваваць тое, што ёсць. У іх няма прызнання самага галоўнага – таго, што эканамічная мадэль, якую прапанаваў Беларусі Лукашэнка і ягонае атачэнне, тупіковая, і менавіта гэта прывяло да таго, што ў краіне сёння вельмі жорсткі эканамічны і фінансавы крызіс».

На пасяджэнні палітрады абмеркавалі і прынялі адозву да генеральнага пракурора і кіраўніка КДК пра адкрыццё крымінальнай справы ў дачыненні службовых асобаў, нядбайнасць, дзеянні і бяздзейнасць якіх прывялі да нанясення насельніцтву і камерцыйным арганізацыям стратаў у асабліва буйных памерах.

«Складваецца парадаксальная сітуацыя, – заўважыў старшыня АГП, – у нас «вінаватымі» ў жорсткім крызісе аказваюцца ўдзельнікі акцыі «Стоп-бензін», блогер Яўген Ліпковіч, журналісты «Народнай Волі» і «Нашай Нівы», але толькі няма сярод іх ніводнага высокапастаўленага чыноўніка. Мы настойваем, каб людзі, якія дрэнна кіравалі краінай або бяздзейнічалі, былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці».

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары