Сурыкаў: Беларусь ачуняе хутчэй, чымся Расея ў 1998-м


Амбасадар Расеі ў Беларусі агучыў рэцэпт выйсця з крызісу.

«Шлях выхаду Беларусі з крызісу будзе на парадак хутчэйшы, чым гэта было ў Расеі ў крызісны 1998 год», – такое меркаванне выказаў амбасадар РФ у Беларусі Аляксандр Сурыкаў на прэсавай канферэнцыі ў Менску 9 чэрвеня.

Ён зазначыў, што трэба правільна выбудаваць антыкрызісную праграму, вырашыць пытанне з прыцягненнем вонкавых пазыкаў, прыватызацыяй дзяржаўнай уласнасці і стымуляваннем экспарту, а таксама падумаць пра скарачэнне некрытычнага імпарту. «І трэба сацыяльна падтрымаць людзей», – падкрэсліў пасол.

Аляксандр Сурыкаў паведаміў, што адною з умоваў выдзялення Беларусі крэдыту з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС было «спыненне эмісійнага напаўнення эканомікі пустымі грашыма».

Паводле дыпламата, умовы выдзялення крэдыту налічваюць 15 пунктаў, у тым ліку скарачэнне дзяржаўных выдаткаў і дэфіцыту бюджэту, выхад на адзіны рыначны курс беларускага рубля. Што да апошняга, то, як зазначыў Сурыкаў, гэтая ўмова выконваецца. У прыватнасці, ён згадаў нядаўнюю 56-адсоткавую дэвальвацыю беларускага рубля.

Прычыны крызісу ў Беларусі вядомыя і былі агучаныя, падкрэсліў Сурыкаў. Адна з іх – жыццё не па сродках. Прычыны штогадовага росту адмоўнага плацежнага балансу Беларусі, паводле дыпламата, хаваюцца ў змяненні ўмоваў пастаўкі ў нашую краіну расейскай нафты. Ён нагадаў, што мыты на светлыя нафтапрадукты з 1995 г. паступалі выключна ў беларускі бюджэт, а з 2007 г. Беларусь пачала аддаваць частку мытаў Расеі. Гэта, як сказаў Аляксандр Сурыкаў, «прабіла дзірку» ў беларускім бюджэце.

belsat.eu

Стужка навінаў