Валянцін Акудовіч: Час вылазіць з бульбы


Праз такія акцыі салідарнасці, як “Стоп бензін” і “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку”, адбываецца “самаарганізацыя людзей, і пакрысе фармуецца грамадзянская супольнасць”, мяркуе філосаф.

Без адчування еднасці немагчыма паўплываць на ўладу. “Калі існуе грамадзянская супольнасць, і яна арганізаваная і можа заяўляць пра свае правы, тады ўладзе рана ці позна давядзецца прыслухоўвацца”, – падкрэслівае філосаф Валянцін Акудовіч.

“Трэба было б ужо вылазіць з гэтай засады ў стагоддзях, – кажа Акудовіч. – Ёсць у беларусаў такая рыса характару: дзе страх, дзе небяспека – адразу хавацца, у бульбачку”.

Але Валянцін Акудовіч не хацеў бы, “каб народ выбухнуў”. Паводле яго, гэта сталася б адно знакам незадаволенасці ўладаю, але значна нічога не змяніла б. Тым больш, што “нашая ўлада, рэпрэсіўная наскрозь, яна класна ўмее гэтыя пажары тушыць”, кажа філосаф. Калі нешта будзе адбывацца, важна, каб гэта было як падчас згаданых акцыяў – “культурна, цывілізавана, каб гэта быў пратэст, але пратэст інтэлігенцкі, пратэст сапраўды па-беларуску”.

Учора, 8 чэрвеня, у Беларусі адбыліся “маўклівыя рэвалюцыі”. На акцыю салідарнасці, якая была арганізаваная праз сацыяльную сетку “ВКонтакте”, на Кастрычніцкую плошчу Менску выйшлі каля 400 чалавек. “Не трэба ніякіх сцягоў, транспарантаў, не трэба ніякай сімволікі. Проста гуляйце, стойце, заставайцеся на плошчы”, – прапаноўвалася грамадзянам.

Ініцыятары заявілі, што акцыя будзе штотыднёваю: “Калі на плошчы будуць тысячы людзей, гэта стане знакам таго, што можна пачаць больш актыўныя дзеянні. Але спачатку трэба выйсці”. Маўклівыя акцыі пратэсту адбыліся таксама ў абласных цэнтрах, дзе сабралі ад 100 да 300 удзельнікаў.

belsat.eu

Стужка навінаў