Расея ўдвая абмежавала экспарт электраэнергіі


Калі Беларусь не аплаціць запазычанасці цягам дзесяці дзён, экспарт могуць спыніць канчаткова.

Расейскі экспарцёр электраэнергіі ААТ “Интер РАО ЕЭС” прычынаю абмежавання экспарту называе запазычанасць беларускага боку за электрычнасць, атрыманую сёлета ў сакавіку і красавіку. Абмежаванне складае 200 МВт (ад 400–500 МВт) і ўведзенае з 00.00 паводле маскоўскага часу 9 чэрвеня.

Доўг беларускага боку складае каля 1 млрд расейскіх рублёў (каля $ 54 млн). Пасля 19 чэрвеня экспарт энергіі можа цалкам спыніцца, калі не бакі не дамовяцца пра вяртанне запазычанасці.

Афіцыйны прадстаўнік кампаніі ААТ “Интер РАО ЕЭС” Антон Назараў напярэдадні заявіў, што кампанія “разлічвае на паступленне ў найбліжэйшы час платы за пастаўленую ў сакавіку і красавіку ў Беларусь электраэнергію”. У сваю чаргу, кіраўнік “Белэнерга” Аляксей Шырма сцвярджаў, што ніводзін з бакоў не заяўляў ніякіх прэтэнзіяў.

Наяўнасць запазычанасці за электраэнергію “РИА Новости” 8 чэрвеня пацвердзіла памочнік міністра энергетыкі Беларусі Людміла Зяньковіч. “На гэты момант у Беларусі існуюць праблемы з набываннем валюты, і пакуль складана разлічыцца з “Интер РАО ЕЭС” за электраэнергію. Але гэтая праблема будзе развязаная максімальна аператыўна”.

belsat.eu

Стужка навінаў