Дзмітрыя Паўлічэнку пусцяць у Еўропу?


Як падае бельгійскае онлайн-выданне “EUobserver”, дыпламаты Еўразвязу прынялі рашэнне яшчэ на год падоўжыць візавыя санкцыі ў дачыненні 41 беларускага чыноўніка, што ўваходзяць у “чорны спіс”. Разам з тым, забарону на ўезд у краіны Еўрапейскага Звязу прыпыняць для 36 з іх.

Сярод тых, хто застаецца персонаю нон-грата, – былы камандзір менскага спецназу Юрый Падабед, экс-міністры ўнутраных справаў Юрый Сівакоў і Уладзімір Навумаў, былы генеральны пракурор Віктар Шэйман і старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына.

А вось былога камандзіра палка спецыяльнага прызначэння Дзмітрыя Паўлічэнкі ў гэтым спісе няма. Міжтым палкоўнік Паўлічэнка лічыцца адным з асноўных фігурантаў у справе аб палітычных знікненнях экс-міністра МУС Юрыя Захаранкі, палітыка Віктара Ганчара, бізнесоўца Анатоля Красоўскага і журналіста Дзмітрыя Завадскага. У справаздачы, падрыхтаванай адмысловай камісіяй ПАРЕ, Паўлічэнку назвалі “падазраваным арганізатарам і кіраўніком крымінальнай структуры, якая мела адносіны да выкрадання і фізічнага знішчэння людзей”.

Менавіта пасля дакладу, які падрыхтаваў еўрадэпутат Хрыстас Пургурыдэс, Паўлічэнку і ўнеслі ў “чорны спіс” асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю краінаў Еўразвязу. Забарона пачала дзеяць у 2004 г.

“Магчыма, Дзмітрый Паўлічэнка цяпер выпаў з гэтага спісу з той прычыны, што не займае ніякіх пасадаў, не мае ў краіне былога ўплыву і як звычайны пенсіянер для ЕЗ папросту нецікавы”, – выказаў меркаванне праваабаронца Гары Паганяйла.

У цэлым, прынятае Еўразвязам рашэнне старшыня юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінкскага камітэту называе палітычна граматным. “Мараторый, у тым ліку і супраць прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, падоўжаны, у спісе персонаў нон-грата застаюцца найболей адыёзныя асобы і далейшы лёс санкцыяў залежыць ад таго, як пройдуць прэзідэнцкія выбары ў краіне”, – адзначыў Гары Паганяйла.

Як паведамляе “EUobserver”, міністры замежных справаў ЕЗ падпішуць заяву пра санкцыі 25 кастрычніка.

belsat.eu

Стужка навінаў