Паліва патаннела апоўначы


Бензін АІ-92 цяпер таннейшы за дызельнае паліва. На патрабаванне Аляксандра Лукашэнкі канцэрн “Белнафтахім” ад 9 чэрвеня знізіў рознічныя кошты на паліва на 13–22 %.

Пры гэтым бензін АІ-92 цяпер будзе таннейшы за дызельнае паліва, а бензін АІ-95 – даражэйшы ўсяго на 50 руб. (было на 700). Кошт дызпаліва паменшаны на 12,7 % (з 5100 да 4450 руб.), бензіну “Нармаль-80” – на 19,2 % (з 4950 да 4000), АІ-92 – на 17,6 % (з 5100 да 4200), АІ-95 – на 22,4 % (з 5800 да 4500).

Кошты на паліва не вярнуліся на ўзровень да 7 чэрвеня, калі яны выраслі на 30 %. Новы кошт дызелю вышэйшы за ранейшы (на 6 чэрвеня) на 14,1 %, кошт бензіну “Нармаль-80” – на 3,9 %, АІ-92 – на 6,3 %, АІ-95 – на 3,4 %.

Сёлета кошты павышалі чатыры разы: 3 сакавіка (у сярэднім на 5 %), 31 сакавіка (10 %), 24 траўня (20 %) і 7 чэрвеня (30 %).

У сераду, 8 чэрвеня, падчас надзвычайнай нарады ў актуальных пытаннях эканомікі Лукашэнка запатрабаваў знізіць кошты на паліва раніцаю 9 чэрвеня. “Давайце дамовімся: паліва ад заўтрашняй раніцы будзе не 5200–5100, а максімум 4500 рублёў, – сказаў ён. – Таму можаце ісці ды абвесціць усім: 4500 – гэта максімум, гэта я бяру самы дарагі бензін. Ад гэтага будзем лічыць і дызельнае паліва, і больш танны бензін, нізкаактанавы”.

Паводле Лукашэнкі, надалей кошты на бензін не будуць расці рэзка, а будуць прывязаныя да курсу долара, які стабілізуецца.

“І да 1 студзеня, калі ў нас будзе курс ці то 5000, ці то 4500: калі 4500 — такі і застанецца, калі 5000 – значыць, да 1 студзеня будзеце працаваць у цэнаўтварэнні, штоквартальна дадаючы 2–3 %, калі гэта трэба будзе. Але не на 30 %. Вось і ўсё маё рашэнне наконт паліва”, – заявіў А. Лукашэнка.

Увечары 7 чэрвеня ў Менску прайшла масавая акцыя аўтамабілістаў “Стоп бензін”. Людзі пратэставалі супраць чарговага, чацвёртага ад пачатку года, павышэння коштаў на паліва. Некалькі соцень кіроўцаў блакавалі рух на праспекце Незалежнасці – спынялі аўты, адчынялі кодаўбы ды імітавалі рамонт. Працаўнікі ДАІ спрабавалі эвакуяваць такія аўтамабілі, але праз заторы на праспекце гэта ім не ўдавалася. Як вынік, рух на ўчастку ад плошчы Перамогі да Галоўнага паштамту быў фактычна спаралізаваны амаль дзве гадзіны.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары