Фільм «Лобатамія» Юрыя Хашчавацкага зняты ў супрацы з “Белсатам” ўзнагародзілі ў Малдавіі.


На IX Міжнародным фестывалі дакументальных фільмаў «Chronograf», які скончыўся 30 траўня ў Кішынёве (Малдова),
фільм «Лобатамія» Юрыя Хашчавацкага, зняты ў супрацы з «Белсатам», уганаравалі двойчы.

Адна з узнагародаў – прыз глядацкіх сімпатыяў, а другая – адмысловы прыз журы за «экспрэсіўнасць аўтара і ягонае грамадзянскае сумленне».
У конкурснай праграме фестывалю побач з «Лобатаміяй» удзельнічалі 28 фільмаў з 19 краінаў.

Фільм «Лобатамія», які знялі рэжысёр Юрый Хашчавацкі ды аператар Валерый Булдык, паказвае жахлівую палітыку «братняй краіны» ў дачыненні сваіх суседзяў. На прыкладзе гучных канфліктаў апошніх гадоў, між іншага, расейска-грузінскай вайны, аўтар паказвае, што ў сучасным свеце скальпель у руках хірурга замянілі сродкі масавай інфармацыі, а ў ролі псіхіятраў выступаюць палітыкі.

«Лобатамія» – гэта ўнікальныя кадры расейска-грузінскага канфлікту 2008 г., якія аўтар атрымаў з МЗС Грузіі. Такою жнівеньская вайна засталася ў памяці грузінскага народу. Аўтар супастаўляе гэтыя здымкі з тым, што бачылі на экранах сваіх тэлевізараў гледачы ў Расеі. У стужцы Хашчавацкі спрабуе зразумець, чаму жыхары постсавецкіх краінаў гэтак лёгка паддаюцца маніпуляцыям з боку медыяў. Наступствы хірургічнага ўмяшання пры лобатаміі настолькі сур’ёзныя, што ўлады СССР забаранілі практыкаваць яе ўжо ў 1950 г., бо «лобатамія ператварае хворага чалавека ў поўнага ідыёта».

Найменне фільму паходзіць ад назвы нейрахірургічнай аперацыі, падчас якой разразаюць нервовыя валокны, што лучаць лобныя долі мозгу са структурамі прамежкавага мозгу. Яе мэта – зменшыць эмацыйныя працэсы, якімі звычайна суправаджаюцца думанне і ўзгадванне. Адзін з асноўных пабочных эфектаў лобатаміі – пацыент губляе пачуццё, што ён той самы чалавек, якім быў учора і будзе заўтра.

Фільм паўстаў у супрацы тэлеканалу «Белсат» з замежнымі і беларускімі партнёрамі Free Professional Video Institute, Studio Bramafilm, Baltic Film Production пры падтрымцы Jan Vrijman Foundation і Open Estonia Foundation. Прэм’ера дакументальнай стужкі адбылася 10 снежня 2010 г.

«Белсат» – першы незалежны тэлеканал Беларусі, пачаў трансляцыю 10 снежня 2007 г., у Сусветны дзень правоў чалавека. Праект рыхтаваўся Польскім тэлебачаннем пад кіраўніцтвам Агнешкі Рамашэўскай-Гузы з чэрвеня 2006 г. Канал быў створаны як структурная адзінка Польскага тэлебачання. Нашая місія – даць доступ да незалежнай інфармацыі, дакладных звестак пра гісторыю Беларусі, а таксама поўнае інфармаванне пра міжнароднае атачэнне Беларусі.

Стужка навінаў