Бюджэт Саюзнай дзяржавы не выдаткоўваецца


Пра гэтую праблему старшыня расейскай Дзяржаўнай думы Барыс Грызлоў паведаміў журналістам пасля закрыцця 39-й сесіі Парламенцкага сходу Беларусі ды Расеі.

“Бываюць сітуацыі, калі ў межах бюджэту Саюзнай дзяржавы сродкі, якія вылучаюцца на праекты, не выдаткоўваюцца на 100 %. Гэта часцяком віна міністэрстваў і ведамстваў, – распавёў Барыс Грызлоў. Мы хацелі б часцей іх заклікаць да справаздачаў, каб даваць імпульс працы ў межах бюджэту Саюзнай дзяржавы”.

Старшыня расейскай Дзярждумы з разуменнем ставіцца да абавязкаў міністэрстваў і ведамстваў, якія датычаць выканання нацыянальных бюджэтаў. Ён таксама паведаміў, што ў межах саюзнага бюджэту рэалізоўваецца каля 40 праектаў, і выказаў спадзеў, што яны будуць выконвацца “ў адпаведнасці з тымі сродкамі, якія вылучаюцца”.

У сваю чаргу старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка адзначыў, што галоўны крытэр ацэнкі дзейнасці Саюзнай дзяржавы – “узгодненая палітыка, бо гэта важна для кожнага нашага грамадзяніна”. На ягоную думку, асаблівых поспехаў удалося дасягнуць у сферы медычнага абслугоўвання і адукацыі. Апрача гэтага, “забяспечаныя роўныя правы на месца жыхарства, пенсійнае забеспячэнне, працаўладкаванне, аплату працы”.

Паводле Уладзіміра Андрэйчанкі, застаюцца неразвязаныя пытанні. Трэба “дасканаліць нарматыўна-прававую базу” і “наладзіць выразны механізм узаемадзеяння паміж міністэрствамі ды ведамствамі дзеля забеспячэння роўных правоў грамадзянаў”.

belsat.eu

Стужка навінаў