Віцебскі студэнт можа сесці на тры гады за стварэнне Інтэрнет-абменніку


Студэнт-завочнік Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэту сёлета са студзеня да траўня за ўзнагароду абменьваў электронныя грошы на гатоўку праз адмыслова створаны сайт, паведамляе БелТА. Грошы хлопец залічаў на рахунак кліентаў з банкаўскіх картак, аформленых на падстаўных асобаў. На такіх аперацыях студэнт зарабіў Br 52 млн.

Попыт на паслугі быў добры – малады чалавек «пазбаўляў лянівых карыстальнікаў інтэрнэту неабходнасці наведваць банкі».

За незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць яму цяпер пагражаюць тры гады турэмнага зняволення паводле ч. 1 арт. 233 Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Гэта ўжо не першы выпадак злачыннай дзейнасці віцябляніна. Летась за незаконны прыбытак Br 100 млн у дачыненні студэнта таксама распачалі крымінальную справу.

Раней улады ўжо абмежавалі доступ да найбуйнейшага інтэрнет-абменніка Беларусі (prokopovi.ch) і загадалі адміністрацыі парталу tut.by прыпыніць дзейнасць аналагічнага сервісу.

belsat.eu

Стужка навінаў