Штраф у 20 базавых велічыняў за апладысменты


Атрымаў сын журналіста Алега Груздзіловіча, Павал. Хаця складана назваць асуджанага ўдзельнікам акцыі.

“Мой сын у акцыі не браў удзелу, – паведаміў Алег Груздзіловіч. – Ён быў без аўтамабіля, проста выйшаў на праспект Незалежнасці і ўбачыў там вялікі затор. Пасля таго, як ён даведаўся, чаму прысвечаная акцыя, пачаў пляскаць, каб падтрымаць аўтамабілістаў, і яго затрымалі”.

На судзе Павел Груздзіловіч паведаміў, што працаўнікі міліцыі проста паказвалі, каго трэба затрымліваць. “Магчыма, зусім выпадкова паказалі і на майго сына”, – выказаў меркаванне журналіст.

Паводле яго, у судзе таксама высветлілася: удзел у несанкцыянаванай акцыі Паўлу інкрымінавалі на той падставе, што ў яго ў руках нібыта была ўлётка з надпісам “Стоп бензін”, якую абвінавачанне далучыла як доказ віны маладзёна.

Аднак Павал сцвярджаў, што аніякіх улётак у яго з сабою не было, а вопіс ягонай маёмасці пры затрыманні не рабілі. Малады чалавек заявіў у судзе, што абвінавачанне супраць яго сфальсіфікавалі.

Бацька асуджанага мяркуе, што такое ў Беларусі можа адбыцца з кожным – любы чалавек можа сутыкнуцца з міліцыйным самавольствам. “Суддзі Есьману хапіла ўсяго пяці хвілінаў для таго, каб вынесці абвінаваўчы вырак майму сыну”, – заўважыў Груздзіловіч.

Ён лічыць рашэнне суда і дзеянні праваахоўных органаў “спланаванай акцыяй”. Пра гэта, на думку Алега Груздзіловіча, сведчыць і той факт, што ўсіх асуджаных пасля абвешчання выраку не выпускаюць з залы суда, а адводзяць у службовае памяшканне, пасля чаго мусяць даставіць ва УУС Цэнтральнага раёну для атрымання рэчаў. Такім чынам працаўнікі міліцыі перашкаджаюць кантакту затрыманых са сваякамі ды журналістамі, упэўнены бацька асуджанага.

belsat.eu

Стужка навінаў