За акцыю «Стоп бензін» пакаралі пешаходаў


У судзе Цэнтральнага раёну Менску адбываюцца суды над удзельнікамі ўчорашняй акцыі “Стоп бензін”. Разам у суд прывезлі 5 чалавек, сярод іх адна дзяўчына – Алеся Макась. Пікантнасць сітуацыі ў тым, што ўсе затрыманыя наўпроставага дачынення да ўчорашняга пратэсту аўтааматараў не маюць.

Людзей, што стаялі на ходніках і апладзіравалі кіроўцам, хапалі на асабістае распараджэнне намесніка начальніка ГУУС Менгарвыканкаму палкоўніка Ігара Яўсеева.

“Мой сын ішоў па праспекце ад плошчы Перамогі да цырку і вітаў кіроўцаў, калі палкоўнік Яўсееў тыцнуў у яго пальцам – маўляў, затрымаць”, – распавёў “Белсату”Алег Груздзіловіч, бацька затрыманага менчука Паўла Груздзіловіча. Абставіны затрымання рэшты падсудных прыблізна тыя ж.

“За што затрымалі майго мужа, я нават не ведаю. Мы стаялі на мосце праз Свіслач, побач міліцыянты затрымлівалі дзяўчыну (Алесю Макась. – Рэд.). Калі праходзілі паўз нас, напэўна, іхны начальнік паказаў на майго мужа і загадаў арыштаваць і яго”, – распавяла жонка Аляксандра Рэдзькіна спадарыня Яўгенія.

Жанчына гаворыць, што некалькі гадзінаў шукала мужа ў аддзяленнях міліцыі, пакуль выпадкова не заўважыла яго ў Цэнтральным РУУСе. Судзіць Аляксандра Рэдзькіна і яшчэ аднаго затрыманага Прыбыльскага пачнуць пасля 14-й гадзіны.

Да перапынку на абед у судзе разгледзелі справы Алесі Макась (аштрафаваная на 15 базавых велічыняў), Паўла Груздзіловіча і Дзмітрыя Кавалгіна (20 базавых штрафу кожнаму). Аляксандр Рэдзькін аштрафаваны на 15 базавых велічыняў (525 тыс. рублёў). Усім затрыманым выставілі абвінавачанне ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі (арт. 23.34 КаАП РБ). Ноч яны правялі ў следчым ізалятары на Акрэсціна.

belsat.eu

Стужка навінаў