У гарадзенскай краме працаўнікоў Дзяржкантролю аблічылі 4 разы


Парушэнні правоў спажыўцоў носяць масавы характар, адзначаюць у пракуратуры Гарадзенскай вобласці.

Пракуратура Гарадзенскай вобласці прасачыла, як выконваецца заканадаўства ў пытаннях абароны правоў спажыўцоў. У паведамленні, размешчаным на сайце Генеральнай пракуратуры, канстатуецца, што парушэнні носяць масавы характар.

У 2010 годзе ў кіраўніцтвы (аддзелы) гандлю гар-, райвыканкамаў паступіла 330 зваротаў спажыўцоў. Большасць з іх датычыла выпадкаў, калі індывідуальныя прадпрымальнікі ды прыватныя прадпрыемствы адмаўляліся ліквідаваць недахопы тавараў і паслуг, замяняць тавар і вяртаць грошы, аблічвалі спажыўцоў у крамах, прадавалі няякасную прадукцыю, парушалі рэжым працы. Акрамя таго, больш як 1,5 тыс. грамадзянаў летась звярталіся па абарону сваіх правоў у гарадскую арганізацыю Беларускага таварыства абароны правоў спажыўцоў.

Да прыкладу, у гіпермаркеце “АЛМІ” (Горадня) з пяці кантрольных закупак, зробленых спецыялістамі КДК, у чатырох выпадках іх аблічылі.

Па-ранейшаму масавы характар, як гаворыцца ў паведамленні, маюць парушэнні санітарна-гігіенічных нормаў на аб’ектах гандлю. За гэта да адказнасці прыцягнулі больш за 2 тыс. працаўнікоў. Да прыкладу, у Карэліцкім райспажыўтаварыстве ва ўсіх 20 правераных у 2010 г. гандлёвых кропках прадаваліся пратэрмінаваныя тавары.

belsat.eu

Стужка навінаў