Сямашка: Мяняем “Белтрансгаз” на нізкія цэны


Экспарт Беларусі газу па ўнутрырасейскіх цэнах мае быць абавязковай умоваю продажу акцыяў “Белтрансгазу”, заявіў журналістам 7 чэрвеня першы віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка.

Паводле яго, дамова аб магчымым продажы “Газпрому” другой паловы акцыяў “Белтрансгазу” падрыхтаваная, але беларускі бок увязвае гэтае пытанне з падпісаннем новага кантракту на продаж газу.

Першы віцэ-прэм’ер нагадаў аб падпісанні 17 дакументаў, у тым ліку аб стварэнні адзінага газавага рынку. Гэта адзін з базавых дакументаў, дзе напісана, што Беларусь і Расея мусяць сінхронна выйсці на роўнапрыбытковыя цэны да 2015 г.

Напярэдадні, 6 чэрвеня, кіраўнік “Газпрому” Аляксей Мілер заявіў, што “Газпром” не лічыць неабходным увязваць падпісанне новага кантракту на экспарт газу ў Беларусь з перамовамі аб набыцці 50 % акцыяў “Белтрансгазу”.

“Пытанне набыцця акцыяў “Белтрансгазу” і новы кантракт на экспарт газу ў Беларусь – гэта два розныя дакументы, і не трэба ў адзін дакумент спрабаваць упісаць абсалютна розныя паводле сутнасці дамоўленасці”, – падкрэсліў Мілер.

Раней такія ж дыяметральна супрацьлеглыя пазіцыі абнародавалі прадстаўнікі кіраўніцтва Расеі ды Беларусі. У прыватнасці, у 2010 г. Аляксандр Лукашэнка заяўляў аб магчымасці продажу 50 % акцыяў “Белтрансгазу”, але – у абмен на транспартаванне ў Беларусь газу за ўнутрырасейскія цэны.

Сёлета ў сакавіку на паседжанні саюзнага Савету Міністраў прэм’ер-міністр РФ Уладзімір Пуцін заявіў: расейскі бок зацікаўлены ў набыцці 50 % акцыяў “Белтрансгазу” за 2,5 млрд долараў, але просіць беларускіх партнёраў не навязваць Расеі якіх-небудзь дадатковых умоваў.

Цяпер 50 % акцыяў “Белтрансгазу” належаць “Газпрому”, астатнія 50 % – беларускай дзяржаве.

belsat.eu

Стужка навінаў