Сяргей Балыкін: Пацярпяць прадпрымальнікі


Індывідуальныя прадпрымальнікі могуць стаць аднымі з першых ахвяраў захадаў у стабілізацыі сітуацыі на валютным рынку, лічыць кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін.

“Гаворка ідзе, перш за ўсё, пра індывідуальных прадпрымальнікаў, што займаюцца раздробным гандлем ды самастойна ўвозяць тавар з краінаў Мытнага саюзу без дакументаў і з выплатаю фіксаванага ПДВ, – растлумачыў кіраўнік асацыяцыі. – Гэтыя прадпрымальнікі маюць магчымасць набываць наяўную валюту, у тым ліку ў абменных пунктах. Пры гэтым для іх не патрабуецца дакументаў, якія пацвярджаюць як законнасць набыцця валюты, так і законнасць набыцця тавараў у РФ або Казахстане”.

Як адзначыў Балыкін, для таго, каб стабілізаваць сітуацыю на рынку наяўнай валюты, права прадпрымальнікаў набываць наяўную валюту і разлічвацца ёю могуць істотна абмежаваць. Калі шараговыя грамадзяне, як правіла, набываюць сотні, а часам і тысячы даляраў, то ў выпадку ІП сумы яшчэ большыя. “Таму для таго, каб збіць незадаволенасць насельніцтва, улада, магчыма, ахвяруе індывідуальнымі прадпрымальнікамі”, – кажа эксперт.

Паводле Балыкіна, тэхнічна абмежаванні можна ўвесці, калі ўнесці змены ва ўказ прэзідэнта № 285 ад 18 чэрвеня 2005 года, які рэгламентуе дзейнасць індывідуальных прадпрымальнікаў. У прыватнасці, можна забавязаць ІП мець дакументы на тавар, адмовіцца ад выплаты фіксаванага ПДВ і набываць валюту паводле парадку, усталяванага для ўсіх астатніх суб’ектаў гаспадарання.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары